Якіх толькі цудаў не бывае на Новы год! Нават самая звычайная “пяцімінутка” ў паліклініцы можа ператварыцца ў… святочнае шоў… І нічога ж не прадвяшчала, што традыцыйны, на першы погляд, пачатак працоўнага дня ў Пружанскай ЦРБ прыўнясе ў цяжкія бальнічныя будні не проста кропельку, а цэлую хвалю пазітыву і святочнага настрою.

8.00, у актавай зале шмат народу ў белых халатах — адміністрацыя, загадчыкі аддзяленняў бальніцы, старшыя медсёстры, урачы… Галоўны урач Андрэй Пачынчык вядзе размову з калегамі пра галоўнае — жыццё і здароўе людзей ва ўмовах пандэміі, прыводзіць лічбы.
Яшчэ пару хвілін — і загадчыкі аддзяленняў, як звычайна, пачнуць даваць справаздачу аб колькасці пацыентаў і стане іх здароўя, дынаміцы ў лячэнні самых цяжкіх. Дзяжурныя ўрачы праінфармуюць аб тым, як прайшло дзяжурства, хто паступіў у аддзяленні бальніцы і з якім дыягназам. Абавязкова закрануць работу хуткай медыцынскай дапамогі, якая неаднаразова выязджала ноччу да хворых…

І тут… адчыняюцца дзверы – і ў актавую залу, прытанцоўваючы, уваходзіць… вялізны мядзведзь, той самы, з мультфільма, «узброены» паветранымі шарыкамі. За ім крочаць Дзед Мароз са Снягуркай і Ялінка з Цыганкай, гатовай наваражыць усім шчасця і ўдачы.

Няўжо галоўныя героі Новага года памыліліся адрасам? Не, тыя ведалі куды ішлі: дарослыя, як і дзеці, вераць у навагоднія цуды, загадваюць жаданні і з нецярпеннем чакаюць іх выканання. Ёсць мары і ў людзей у белых халатах, адна з іх: каб у 2022 каранавірус знік з твару Зямлі. І гэтая мара павінна абавязкова спраўдзіцца.

У выніку медыкі адправіліся па працоўных месцах у прыўзнятым настроі, а навагоднія героі рушылі па паверхах паліклінікі і аддзяленнях бальніцы.


Радаснымі ўсмешкамі і апладысментамі сустракалі іх і дзеці, і дарослыя.



Хірургія, траўматалогія, неўралогія, інфекцыйнае і, вядома ж, дзіцячае аддзяленні — усюды, дзе б ні з’яўляўся Дзед Мароз са світай, нармалізаваліся паказчыкі тэмпературы і паляпшаўся агульны стан хворых. Нездарма кажуць, што ўсмешка лечыць!

Той раніцай навагоднія героі пабывалі нават у стаматалагічным аддзяленні, скурвендыспансеры і ў… райаддзеле міліцыі. Не, вы толькі не падумайце нічога дрэннага: паводзілі яны сябе добра, але паколькі Пружанская райбальніца вельмі цесна супрацоўнічае з РАУС, было вырашана павіншаваць з Новым годам і яго супрацоўнікаў.
Раскрыем інтрыгу: віншаванне сваім калегам і сябрам падрыхтаваў прафсаюзны камітэт Пружанскай ЦРБ на чале са старшынёй ППА, старшай медсястрой траўматалагічнага аддзялення Ірынай Шэйка, а ролі выконвалі фельчары выязной брыгады аддзялення неадкладнай медыцынскай дапамогі Раман Касюк і Вольга Кардзіс, фельчар па прыёме выклікаў Лізавета Саханевіч, фельчар прафкабінета Вольга Сямак, медсястра траўматалагічнага аддзялення Таццяна Клюкач.
Алеся СМАЙЛІК. Фота Кацярыны МАСІК