Вторник, 18 марта 2025

Пяць «пялёсткаў» шчасця Алены Жэлянгоўскай

1 318

З сям’ёй Жэлянгоўскіх мы сустракаліся два гады таму. Калі вы памятаеце, тады асноўная ўвага была гаспадару — святару Уладзіміру, пра якога прасілі напісаць удзячныя прыхаджане мураўскага храма. Сёння надышла чарга быць у цэнтры падзей яго матушцы.

Алена Мікалаеўна Жэлянгоўская – адна з трох шматдзетных маці раёна, якія сёлета ўдастоены ордэна Маці (гэтага высокага звання таксама ўдастоены Таццяна Міхайлаўна Пацапня і Вольга Уладзіміраўна Прэдка).

— Такой славы я сабе ніколі не шукала! Проста нараджала столькі дзяцей, колькі Бог даваў, ні ад кога не адмаўлялася. Прызнацца, калі ўпершыню стала мамай, то нават і марыць не магла, што ў будучыні ў мяне з‘явіцца столькі шчасця. Дзеці – гэта сэнс нашага з мужам жыцця, – кажа жанчына, якую акружае прыгожае дзіцячае суквецце.

Сама Алена Мікалаеўна таксама вырасла ў шматдзетнай сям’і, дзе, акрамя яе, гадавалася пяцёра дзяцей. З юных гадоў дапамагала сваім бацькам і ведала кошт бацькоўскаму клопату і любові.

— І айцец Уладзімір мой да любой працы прывучаны быў з дзяцінства – восем дзяцей у іх сям’і было! Напэўна, таму так зоркі і сышліся. З такім чалавекам, добрым, клапатлівым, прыстойным, гадаваць дзяцей – адно задавальненне! Мы за сваім татаю, як за каменнай сцяной, — хваліцца матушка.

А бацюшка слухае, сціпла ўсміхаецца і імкнецца пярэчыць:
— Я шмат часу праводжу на набажэнствах і на трэбах. Пэўная частка хатняй работы кладзецца на жончыны плечы.

А работы ў Жэлянгоўскіх сапраўды хапае. Не толькі сям’я, але і гаспадарка ў іх вялікая: трымаюць на ўласным падворку два дзясяткі качак, удвая больш куранят-бройлераў і іншай жыўнасці.

— Трэба ж добра падрастаючае пакаленне карміць, — смяецца бацюшка, — таму і круцімся, як вавёркі ў коле. Не трэба пра цяжкасці, лепш пра дзяцей казаць. Гэта Божы дар!

Сапраўды, у кожнага з дзяцей – свой талент і здольнасці.
Старэйшая Волечка, названая так у гонар адной са сваіх бабуль, вучыцца ў сёмым класе. Вельмі музыкальная, спявае і танцуе, а яшчэ захапляецца валейболам і прымае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

— Усё паспявае! Яна мая першая памочніца і нянечка ў малодшых дзяцей. Ужо навучылася смачна гатаваць і пячы. Розныя тарты і пернікі – гэта яе “фішка”! — хваліцца маці.

Сярэдняя дачка Ніна таксама названа ў гонар бабулі. Дзяўчынка – рукадзельніца: вышывае, вяжа і сваімі рукамі майструе падарункі для родных і сяброў. А яшчэ яна выключная чысцюля і любіць наводзіць парадак у доме.

— Людзі здзіўляюцца, адкуль у нас чысціня. Дзякуючы Ніначцы нашай, якую не трэба прасіць узяць венік у рукі. Наш сонечны зайчык, які не любіць сядзець склаўшы рукі! – ганарацца дачкой бацькі.

А Данік як быў гарэзам два гады таму, так ім і застаўся: на месцы не стаіць. Відавочна, хлопчык — будучая спартыўная зорка.
— Магчыма, калісьці так і будзе! Нездарма ж яго ад турнікоў не даклічашся. Ва ўсякім разе, “турыстычнай” зоркай ён паспеў стаць, заняў першае месца ў раёне, — смяецца айцец Уладзімір.

Не саступае браціку і сястрычкам чатырохгадовая Сафійка: паспявае і пабегаць, і відэаролікі пра рукадзелле на ютубе паглядзець.
— І проста парадаваць нас сваёй сонечнай усмешкай! – дадае Алена Мікалаеўна, а ў гэты час самы маленькі ў сям’і, двухгадовы Уладзік, глядзіць на матулю чыстым анёльскім позіркам…

— Бог даў дзяцей — дае і сілы,— кажа матушка. – Вы, упэўнена, самі адчуваеце, што дзеці выпраменьваюць цяпло, радасць. Чым больш іх у сям’і, тым яны дружней і з большай павагай ставяцца да старэйшых, а значыць, і сям’я мацнейшая. Слова маці для дзяцей закон! Яны паслухмяныя, мне за іх не сорамна ні перад людзьмі, ні перад Богам.
Алена Зялевіч.

Фота Кацярыны Масік