Понедельник, 13 января 2025

Пяць пружанскіх сямей прынялі ўдзел у спартландыі «Тата, мама, я – спартыўная сям’я», якая была прымеркавана да Дня сям’і

549

Гавораць, у здаровым целе – здаровы дух. Неад’емнай умовай падтрымання свайго здароўя з’яўляецца спорт, фізічная актыўнасць.

13 мая на адкрытай пляцоўцы каля Лядовага палаца ў Пружанах прайшла сямейная спартландыя «Тата, мама, я – спартыўная сям’я». Свята было прымеркавана да Дня сям’і, які адзначаўся ў краіне 15 мая. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў і РФСК «Мухавец». 

– У бягучым годзе мерапрыемствы з нагоды Дня сям’і праходзяць пад дэвізам «Мая сям’я – мая краіна», таму што сям’я з’яўляецца найважнейшай ячэйкай грамадства, а недзе нават фактарам стабільнасці развіцця дзяржавы. Менавіта ў сям’і фарміруецца асоба, а таксама грамадзянская пазіцыя чалавека. Важна, каб усе беларускія сем’і жылі ў гармоніі, у згодзе і з упэўненасцю глядзелі ў заўтрашні дзень, – адзначыла старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.

Сёлета ў спартыўным мерапрыемстве прынялі ўдзел сем’і Братчук, Шопік, Субота, Лукашэвіч і Патапчук. Пачалася спартландыя з размінкі пад бадзёрую музыку. На ўводным конкурсе ўдзельнікам трэба было па чарзе прабегчы эстафету і зрабіць малюнак сваёй сям’і. Асабліва крэатыўна малявалі дзеці.

Першы конкурс пад назвай «Таксіст» пачыналі таты. Яны, трымаючы у руках, нібы руль, спартыўны абруч, павінны былі абабегчы конус і вярнуцца назад. Потым да тат далучаліся мамы і прабягалі дыстанцыю па двое, а затым – ужо і са сваімі дзецьмі.

У другім конкурсе, які называўся «Пад дажджом», эстафету праходзілі ў іншай чарговасці. Спачатку вакол конуса прабягалі з парасонамі ў руках дзеці, а потым далучаліся іх бацькі. Наступны конкурс быў прысвечаны хакею. Гульцы абводзілі вакол конуса мяч, які штурхалі хакейнай клюшкай. На вясёлым конкурсе «Сараканожка» паміж удзельнікамі заціскаліся паралонавыя кубы, і члены кожнай сям’і ўсе разам абягалі конус. Акрамя іншых спартыўных эстафет, у праграму спаборніцтваў быў уключаны і інтэлектуальны конкурс, падчас якога сем’і адказвалі на пытанні пра асновы здаровага ладу жыцця.

Самым хвалюючым стала выпрабаванне «Данясі лісток паперы»: удзельнікам трэба было прабегчы эстафету, трымаючы на далоні ліст паперы, але дапамагаць сабе другой рукой было нельга. Гэта аказалася зусім нялёгка. Завяршыў мерапрыемства футбольны конкурс, у якім гульцы абводзілі мяч вакол конусаў.

Журы ў складзе старшыні Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяны Гаманчук, дырэктара ДЮСШ № 2 Аляксандра Шаманава і яго намесніка Вольгі Клімук агучыла вынікі спартакіяды. Усе сем’і атрымалі ўзнагароды ў розных намінацыях. «Самай спрытнай» была названа сям’я Субота, «Самай дружнай» – сям’я Лукашэвіч, «Самай умелай» – сям’я Патапчук. Пераможцай у намінацыі «Самая вясёлая сям’я» стала сям’я Братчук, а  сям’я Шопік перамагла ў намінацыі «Самая актыўная сям’я». 

Пажадаем усім удзельнікам мерапрыемства далейшых поспехаў не толькі ў спорце, а і ва ўсіх сферах жыцця, здароўя і сямейнага дабрабыту!

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара