Суббота, 12 октября 2024

Пяць гаспадарак Пружаншчыны вырошчваюць яравы рапс. Паглядзелі, як яго ўбіраюць у ААТ «Жураўлінае»

241

Пяць гаспадарак раёна — ААТ «Агра-Калядзічы», «Роўбіцкае», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Жураўлінае» і «Ліноўскае» — займаецца вырошчваннем не толькі азімага рапсу, але і яравога. Надышла чарга ўбраць і гэтую сельскагаспадарчую культуру. З чым апошняя гаспадарка ўжо справілася.

Адпачынак земляробам толькі сніўся, асабліва цяпер, у гарачую пару ўборкі і сяўбы адначасова. Стараюцца, як і заўсёды, сельскія працаўнікі, і не страшная ім ніякая пагода — нават сёлетнія высокія тэмпературы. Што зробіш, калі абраў для сябе такі працоўны шлях. Не скардзяцца на свой лёс і працаўнікі з ААТ «Жураўлінае», а з усёй адказнасцю, якая для іх характэрная, прыступілі да ўборкі яравога рапсу.

Бачыць вынік сваёй працы для агранома-аграхіміка па абароне раслін Андрэя Караля, старшага камбайнера Юрыя Немяровіча і намесніка дырэктара па раслінаводстве Паўла Чэчкі заўсёды прыемна.

На Пружаншчыне з 650 га, адведзеных пад культуру, сельгаставарыству належыць 200 га — самыя вялікія плошчы. На аўторак бягучага тыдня маюць ураджайнасць 30,5 ц/га, паспелі ўбраць 50%, намалацілі пакуль 305 тон. На палетку за аг. Клепачы яравы рапс убірала два камбайны, а на адвозе быў задзейнічаны аўтамабіль МАЗ з прычэпам. Гэтага больш чым дастаткова, каб справіцца з работай хутка і якасна. Што да збыту, то будзе праводзіцца тэндар, які і вызначыць, куды гаспадарка адгрузіць ураджай. Пакуль што ўсё зерне дапрацоўваецца ў таварыстве і захоўваецца ў складах.

Чым не чорнае золата?

І тут узнікае пытанне: а чаму астатнія гаспадаркі раёна не займаюцца вырошчваннем яравога рапсу? Па словах намесніка дырэктара па раслінаводстве ААТ «Жураўлінае» Паўла Чэчкі, ёсць два асноўныя аспекты, якія на гэта ўплываюць. Па-першае, не кожнае сельгаставарыства можа дазволіць сабе адцягнуць людзей падчас актыўнай сяўбы азімых культур на ўборку яравога рапсу. Па-другое, расліна вельмі патрабавальная да зямлі. І думаць не трэба сеяць яе на мінеральных глебах, толькі на тарфяніках. Тады можна разлічваць на ўраджай. Такіх зямель у раёне не так і многа. А яшчэ яравы рапс вельмі патрабавальны: трэба пасеяць у час, унесці ўгнаенні… І вымерзнуць можа, як і азімы. З цяперашнімі вёснамі гэта не дзіўна. А вось сабекошт у яравога ніжэй. Таму і думаем: ці выгадна яго сеяць, або больш увагі скіраваць усё ж на азімы?

Рабіць адно, а думаць пра другое — складана, але ў сельскай гаспадарцы без гэтага нельга. Сеем — думкі пра будучы ўраджай, убіраем — у галаве цэнтнеры з гектараў, заняліся новай справай — а што атрымаецца? Адно сказаць можна, што ў ААТ «Жураўлінае» людзі працуюць удумлівыя, разважлівыя і працавітыя. Таму ўсё ў іх атрымаецца.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік