Адразу чатыры рэспубліканскія турніры па фігурным катанні прымаў на мінулым тыдні Лядовы палац. У аматараў прыгожага і грацыёзнага віду спорту на працягу пяці дзён была выдатная магчымасць сачыць за выступленнямі фігурыстаў. І калі спаборніцтвы адзіночнікаў у Пружанах праводзяцца рэгулярна, то танцы на лёдзе ў нашым горадзе можна было ўбачыць упершыню.
Той, хто ў гэты час хаця б адзін вечар не прысвяціў паходу ў Лядовы, на мой погляд, многа страціў у плане эмоцый. Так, «Беларускі саюз канькабежцаў» арганізаваў прамую трансляцыю ўсіх дзён спаборніцтваў на сваім YouTube-канале, але ніякі экран не перадасць захаплення ад прагляду выступленняў ужывую. Ды і дзе яшчэ ў Пружанах убачыш удзельніцу зімовай Алімпіяды-2022 у Пекіне Вікторыю Сафонаву і галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па фігурным катанні Алега Васільева?
Нам удалося не толькі ўбачыць, але і пагутарыць з імі. Па словах Вікторыі, у Пружаны яна прыехала першы раз, і тут ёй вельмі спадабалася. Па вядомых прычынах міжнародных стартаў зараз няма. Нягледзячы на гэта, сезон фігурысткі праходзіць плённа. Яна ўдзельнічала ў чэмпіянаце Беларусі, па-за конкурсам выступіла на этапе Кубка Расіі ў Казані, бярэ ўдзел у этапах Кубка Беларусі. Вось і з Пружан павезла з сабой залаты медаль трэцяга этапу гэтых спаборніцтваў.
Алег Васільеў адзначыў, што сёння можна смела гаварыць пра пружанскую школу фігурнага катання. Яна — адна з самых моцных у рэспубліцы. У многім дзякуючы камандзе прафесіяналаў, якая працуе ў ДЮСШ № 2. Нагадаем, што гаворка ў дадзеным выпадку пра трэнераў Вольгу Уважаную і Юрыя Цішкова і харэографа Таццяну Хадаровіч. «Многім трэба браць з Пружан прыклад. Так, з-за адсутнасці міжнародных турніраў матывацыйная база спартсменаў крыху зніжаецца, але наша федэрацыя разам з Міністэрствам спорту стараецца арганізоўваць вялікую колькасць спаборніцтваў. Думаю, пройдзе час — і ўсё стане на свае кругі», — рэзюмаваў Алег Кімавіч.
Што да спаборніцтваў у Пружанах, то на іх з’ехалася больш за 150 спартсменаў з амаль усіх рэгіёнаў краіны. Больш за ўсё фігурыстаў, каля 120, прыняла ўдзел у трэцім этапе Адкрытага першынства Беларусі па фігурным катанні «Зорачка». Гэты турнір і стаў самым выніковым для спартсменаў, якія прадстаўлялі нашу ДЮСШ № 2 і Брэсцкі рэгіён. Так, Ксенія Жукоўская па выніках пракату адвольнай праграмы ў 2-м юнацкім разрадзе заняла другое месца. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзышла Крысціна Валасюк (2-і спартыўны разрад, малодшая група). Сярэбраная ўзнагарода гэтых спаборніцтваў ва Уладзіславы Чахоўскай, якая выступала ў старэйшай групе 1-га спартыўнага разраду. Таксама пры пракаце адвольнай праграмы яна выканала скачок пад назвай трайны лутц і ўстанавіла асабісты рэкорд. Такі ж на рахунку Эліны Цірскіх (1-ы спартыўны разрад, малодшая група).
У ліку лепшых нашы фігурысты і па выніках Адкрытага Кубка «Беларускага саюза канькабежцаў». Сярод кандыдатаў у майстры спорту Злата Амельянюк заняла другое месца. Залатую ўзнагароду заваяваў Васіль Барахоўскі, які, дарэчы, падчас спаборніцтваў адзначыў свой дзень нараджэння! Гэтыя спартсмены прадстаўлялі Брэсцкую вобласць. Нядрэнна выступілі ў катэгорыі КМС Уладзіслава Чахоўская, Юлія Покала і Соф’я Здановіч.
На трэцім этапе Кубка Беларусі, у рамках якога змагаліся майстры спорту, бронзавым прызёрам стаў Мікалай Казлоў, які прадстаўляў Брэсцкую вобласць і раней трэніраваўся на базе нашай ДЮСШ № 2. Васіль Барахоўскі і Злата Амельянюк размясціліся на чацвёртым месцы. Шостай стала Ганна Калінка. У абедзвюх спартсменак таксама асабістыя рэкорды.
Яшчэ адны прыгожыя і відовішчныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў Лядовым палацы, — чацвёрты этап Адкрытага Кубка «Беларускага саюза канькабежцаў» па танцах на лёдзе. Выступленні танцавальных пар у раскладзе размясцілі на вечары суботы і нядзелі, каб як мага больш гасцей Лядовага палаца магло атрымаць асалоду ад іх. Трэба сказаць, што цікавасць да спаборніцтваў была даволі вялікай: трыбуны не пуставалі ніколі. Фігурысты-парнікі ў першы дзень выканалі рытмічны танец, у другі прадставілі адвольныя праграмы. І кожны раз гэта было проста непаўторна! У выніку залатыя ўзнагароды атрымала пара Кацярыны Андрэевай і Дзмітрыя Блінова. А золата трэцяга этапу Адкрытага Кубка Беларусі ўзялі майстры спорту Андрэй Петруковіч і Аліна Дзяркач.
Спаборніцтвы ў Пружанах дакладна запомніліся ўсім удзельнікам і балельшчыкам. Пажадаем поспехаў нашым фігурыстам на наступных стартах і спадзяёмся на новыя сустрэчы ў Пружанах.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_291133199