Понедельник, 2 октября 2023

Пяць арганізацый горада прынялі ўдзел у вялікім прафсаюзным квэсце «На шляху да Незалежнасці»

463

Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў актыўна праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года гістарычнай памяці. Калі раней гэта былі пераважна «круглыя сталы», дыялогавыя пляцоўкі, то напярэдадні галоўнага свята нашай дзяржавы — Дня Незалежнасці — у Пружанах прайшоў вялікі гісторыка-патрыятычны квэст.

Мерапрыемства новага для горада і раёна фармату атрымала назву «На шляху да Незалежнасці» і складалася з некалькіх блокаў. Першым стаў непасрэдна гарадскі квэст. Падрыхтаваў і правёў яго клуб «Teens-фармат». І арганізатары, і ўдзельнікі пасля прызнаваліся: гэта быў абсалютна новы вопыт для іх. Культработнікі да гэтага праводзілі квэсты выключна для моладзі. Большасць жа работнікаў Пружанскага райвыканкама, завода радыёдэталей, малочнага камбіната, цэнтральнай раённай бальніцы і КУВП «Камунальнік» упершыню ўдзельнічалі ў нечым падобным.

У выніку першымі да помніка «Спаленым вёскам» прыйшла каманда медыкаў.

Па заканчэнні квэста каля помніка правялі акцыю «Памяць сэрца». Да ўдзельнікаў звярнулася прафсаюзны лідар раёна Таццяна Гаманчук. Яна адзначыла, што сёння нашу гісторыю спрабуюць перайначыць, таму мы павінны перадаваць праўду наступным пакаленням. Памяць загінулых у гады вайны ўшанавалі мінутай маўчання. Затым да помніка ляглі кветкі ад удзячных нашчадкаў.

Далей была яшчэ адна цікавая частка мерапрыемства. Прафсаюзныя актывісты перамясціліся на летнюю тэрасу палацыка, дзе правялі жараб’ёўку і пачалі конкурсы. Спачатку кожная каманда крэатыўна расказала пра сябе.

Асабліва запомнілася выступленне каманды КУВП «Камунальнік» «Стальныя нервы – залатыя рукі». Усё таму, што камунальшчыкі здзівілі фаер-шоу ад вядомага ў горадзе арганізатара і гульца інтэлектуальных баталій Андрэя Смоляра. Адзначым і крэатыўнасць назваў іншых каманд. Зборная медыкаў мела назву «Айбаліт», каманда райвыканкама ўзгадала першага пасляваеннага кіраўніка раёна Мірона Крыштафовіча і назвалася «Партызаны». Каманда завода радыёдэталей падкрэсліла, што іх таварыства — адзіны прадстаўнік машынабудавання ў раёне, а работнікі малочнага камбіната нагадалі адзін са сваіх дэвізаў — «З любоўю рабіць усё».

Цікава было назіраць за цімбілдзінгам — каманднымі спаборніцтвамі, мэта якіх у аб’яднанні калектыву. Удзельнікам прапанавалі чатыры выпрабаванні, прайсці якія яны маглі толькі разам, праявіўшы арганізаванасць і, што было вельмі важна, цярпенне.

Наступнай часткай была гульня «Адгадай мелодыю». Тэматыку песень свядома зрабілі ваеннай. А віктарына стала праверкай на веданне гісторыі горада і Беларусі. Перамогу святкавала каманда райвыканкама.

Кожная зборная, якой не ўдалося атрымаць перамогу ў той ці іншай частцы прафсаюзнага мерапрыемства, атрымала дыпломы за ўдзел. Паабяцалі заахвоціць актывістаў і ў родных пярвічках.

Па словах Таццяны Гаманчук, такія мерапрыемствы вельмі аб’ядноўваюць працоўныя калектывы. І, зразумела, аднаўляюць веды пра ваенныя падзеі. Таму такі фармат аб’яднанне прафсаюзаў бярэ на ўзбраенне, і, магчыма, у будучыні стане традыцыйным.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом з квэста тут: https://vk.com/album-23306785_284827772