Не хвалюйцеся, за сапраўдныя парты школьнікі пакуль не сядаюць: гэта проста адна з рэкламных акцый каля магазіна «Дзіцячы свет». Каб нагадаць, што летнія канікулы выходзяць на фінішную прамую, што бацькам трэба актыўней займацца падрыхтоўкай дзяцей да новага навучальнага года.

Каб вучні да 1 верасня былі ў поўнай “баявой экіпіроўцы”, ва многіх гандлёвых аб’ектах горада з’явілася школьная форма, канцылярскія прыналежнасці, ранцы і не толькі. Мы таксама вырашылі пагля-дзець, што, дзе і… колькі каштуе.
«Дзіцячы свет» – усё і адразу
Для тых, хто не любіць бегаць па ўсім горадзе ў пошуку школьных тавараў, самы аптымальны варыянт – магазін “Дзіцячы свет”. Тым больш, што перад навучальным годам тут прапануюць шэраг акцый і скідак.

Аказалася, што сёлета да новага школьнага сезона ў гэтым магазіне райспажыўтаварыства падрыхтаваліся грунтоўна. У асартыменце школьнае адзенне айчынных вытворцаў – ЗАТ “Калінка”, ААТ “Камінтэрн”, швейнай фабрыкі “Эліз”, ААТ “Надэкс”… Як аказалася, гэты пералік вытворцаў далёка не поўны, бо ў бліжэйшы час плануецца паступленне тавару і ад іншых прадпрыемстваў.
Для хлопчыкаў прапануюцца штаны, пінжакі, камізэлькі, гальштукі і бабачкі, і, зразумела, сарочкі. Памеры касцюмаў – самыя розныя, ад 28-га і вышэй. Напрыклад, мне спадабаліся клятчасты касцюм 38-га памеру коштам 73,65 руб. і сіні касцюм 42-га памеру — за 108,11 руб.
Ёсць з чаго выбраць і дзяўчынкам. Для іх “Дзіцячы свет” прапануе спадніцы і сарафаны, камплекты, блузкі і штаны. Таксама прыцаніліся: за сарафан 36-га памеру давядзецца аддаць 40,10 руб. Сарафан, але ўжо 44-га памеру, для старшакласніцы, каштуе 60,13 руб., а белая блузка да яго — 37,13 руб.

Што да спартыўных касцюмаў, то асартымент таксама аказаўся салідным і ўсе яны айчыннай вытворчасці, а менавіта, ААТ “Палессе”, ААТ “Бабруйсктрыкатаж” і ААТ “Світанак”. Прыемна здзівіў магазін і выбарам школьнага абутку. На паліцах паўчаравікі і туфлі самых розных беларускіх вытворцаў – “Нёман”, “Marko”, “Белвест” і іншыя.
Калі вам патрэбен якасны ранец, таксама варта завітаць у “Дзіцячы свет”. У гэтым годзе магазін закупіў вучнёўскія сумкі – дзявочыя і хлапечыя – розных колераў і мадэляў, у тым ліку з цвёрдай спінкай, што служыць для прафілактыкі скаліёзу.
Прадуманы асартымент і канцылярскай прадукцыі. Вучнёўскі сшытак аб’ёмам у 12 лістоў можна купіць за 16 капеек, у 48 лістоў – за 70 кап. У вялікай колькасці прадстаўлены сшыткі для лабараторных работ па вучэбных прадметах, атласы і контурныя карты.
Якасць, прымальны кошт і добры выбар
Менавіта такія аргументы на карысць “Дзіцячага свету” ў сям’і Фасевіч, якую давялося сустрэць у магазіне. Варвара ў верасні пойдзе ў трэці клас гімназіі. Па пакупкі да школы яна прыйшла разам з мамай Ірынай і бабуляй Людмілай Валян-цінаўнай. Як прызнаецца мама школьніцы, сямейны паход у магазін напярэдадні навучальнага года – ужо добрая традыцыя:
– На рынку, на жаль, не заўсёды можна поўнасцю апрануцца. Асартымент жа “Дзіцячага свету” сёлета задавальняе нас на ўсе “сто”: многа прыгожага адзення, якасны абутак. У мінулыя гады, каб падрыхтаваць дзіця да школы, мы ездзілі ў кобрынскі гандлёвы цэнтр, а на гэты раз усё неабходнае закупілі тут.

Задаволеная пакупкамі і Варвара. Дзяўчынка кажа, што мама не навязвае ёй тыя ці іншыя тавары. Тое, што падабаецца, выбірае сама. На гэты раз сям’я набыла сукенку, школьныя штаны, кеды, спартыўныя штаны і майкі, пенал і сшыткі. Агульная сума чэка склала крыху больш за 120 рублёў, а таму і з магазіна выходзілі з усмешкай.
Па “канцылярку” – у “Вясёлку”
Магазін “Брэстаблсаюздруку”, што на вуліцы М.Багдано-віча, даўно заваяваў папулярнасць сярод пружанцаў. На маю думку, гэта сапраўдны канцылярскі рай, дзе па прымальным кошце можна закупіць усе пісьмовыя прылады не толькі для школы. Знойдуць усё неабходнае для сябе і аматары малявання – у магазіне вялікі асартымент фарбаў і альбомаў.
А што сёлета маем па цэнах? Акварэльныя фарбы каштуюць 2,16 руб. (12 колераў), а за фарбы з 20-ці колераў давядзецца аддаць 4.20 руб. Пэндзлі для малявання каштуюць 63 і 84 кап., шкляначка для вады – 53 капейкі. Прываблівае асартымент і кошт сшыткаў: мінімальны кошт 12-старонкавага складае 16 капеек. Сюды, думаю, варта завітаць і бацькам першакласнікаў, бо ў “Вясёлцы” ў наяўнасці сшыткі ў буйную клетку і вузкую касую лінейку.
Важна і дзелавіта глядзяць з паліц дзённікі (яны сёлета каштуюць 1,82 руб., а для старшакласнікаў ёсць варыянт і на 6 капеек танней).
Альтэрнатыва – прыватныя магазіны
Для тых, хто не імкнецца купляць вырабы толькі айчынных вытворцаў, мноства школьных тавараў прапануюць пружанскія прыватнікі.
Так у дзіцячым магазінчыку, што ў Белых лаўках, шмат школьнага адзення на дзяцей ростам 116-152 см. У наяўнасці мы ўбачылі спадніцы коштам ад 18 руб., сарафаны (ад 30 руб.), сукенкі (ад 35 руб.). Заўважылі сярод адзення і так званыя “падманкі” – кофты-кашулі коштам 23 р. Таксама ў асартыменце блузкі розных колераў – для дзяўчынак, штаны і кашулі – для хлопчыкаў. Вытворцы адзення – Расія, Узбекістан, Турцыя і інш.
Прапануюць тут і спартыўны абутак без шнуркоў, на ліпучцы і з закрытым носам коштам ад 14 да 23 рублёў. Маюцца туфлі, ранцы, а таксама панчошныя вырабы Брэсцкага панчошнага камбіната. Дзейнічаюць і прыемныя бонусы.
Шмат прапаноў на міні-рынку па вул. Тармасава. Але тут патрабуецца пахадзіць па гандлёвых павільёнах. Да прыкладу, ужо на ўваходзе на рынак шырокі выбар заплечнікаў і сумак для спартыўнага абутку коштам ад 25 да 50 рублёў. Таксама на міні-рынку мы ўбачылі стыльныя майкі на фізкультуру коштам ад 14 да 26 рублёў, спартыўны абутак, футболкі, спартыўныя касцюмы. У продажы тут ёсць школьныя блузкі, спадніцы і касцюмы.
Дык дзе ж купляць?
Усё ж, думаю, бацькі і школьнікі павінны самастойна адказаць на гэтае пытанне. Адно зразумеў дакладна: сабрацца ў школу можна, не выязджаючы з нашага райцэнтра, тым больш, што селёта той жа Брэст адмовіўся ад правядзення маштабных школьных кірмашоў. Але, канечне, не варта адкладваць школьны шопінг на самы апошні момант.
Добрых, якасных, не вельмі дарагіх, а галоўнае – карысных і прыемных вам пакупак!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Сяргея Талашкевіча.