Понедельник, 16 сентября 2024

Пуцёўку ў прафесію начальніку тэхслужбы «Пружанскага малочнага камбіната» Андрэю Кудрэйку даў Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Кудзінаў

397

Сённяшні наш аповед пра прафесіянала сваёй справы — начальніка тэхнічнай службы ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Андрэя Кудрэйку.

Нарадзіўся Андрэй Кудрэйка, як і многія асобы, пра якіх мы ўжо распавядалі на старонках газеты, у Пружанскім раёне. Вучыўся у сярэдняй школе №1 імя ЧБВА, закончыў яе ў 1992 годзе і адразу ж паступіў у Пружанскі саўгас-тэхнікум. Як вядома чытачам, цяпер гэта — Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Пасля вучобы ў 1996 годзе паступіў на паскораную праграму навучання механікаў у Беларускі дзяржаўны агратэхнічны інстытут. Падчас вучобы на працягу года праходзіў вытворчую практыку ў Германіі. Пасля паспяховага заканчэння інстытута быў прыняты, як Андрэй Іванавіч кажа, у самую лепшую гаспадарку Пружанскага раёна — калгас «Рассвет», якім у той час кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Іванавіч Кудзінаў, на пасаду інжынера па трактарах. За сем гадоў працы ў гаспадарцы даслужыўся да пасады галоўнага інжынера. Старшыня калгаса ўбачыў у юнаку перспектыўнага спецыяліста.

З 2007 года працаваў галоўным інжынерам на кансервавым і хлебным заводах. Пасля гэтых прадпрыемстваў, як распавядае Андрэй Іванавіч, пашчасціла ўладкавацца на такую ж пасаду на Пружанскі малочны камбінат. Тут яму падпарадкоўваюцца ўсе тэхнічныя службы, у задачу якіх уваходзіць тэхзабеспячэнне і арганізацыя вытворчых працэсаў.

— Прадпрыемства вялікае, перспектыўнае, з далёка ідучымі планамі, амбіцыёзнымі задачамі, — разважае Андрэй Кудрэйка. — У бліжэйшы час плануем павялічыць вытворчасць і прыём малака ў два разы. Прадпрыемства размешчана ў аграрным раёне, дзе сельская гаспадарка выдатна развітая. Мы ставім сабе задачу ўсё малако, якое вырабляецца ў раёне, перапрацоўваць на нашым прадпрыемстве.

Планы на самой справе даволі амбіцыйныя. Але няма сумненняў, што на нашым вядомым далёка за межамі Беларусі прадпрыемстве іх змогуць ажыццявіць. Акрамя таго, з уводам новых магутнасцей павялічыцца колькасць працоўных месцаў, гэта значыць — сюды будуць прыходзіць спецыялісты, будзе замацоўвацца моладзь.

Андрэй Іванавіч шчаслівы сем‘янін. Разам з жонкай вырасцілі дзвюх цудоўных дачушак. Адна ўжо закончыла педагагічны вуз, працуе настаўніцай пачатковых класаў. Другая дачка заканчвае 10 клас.

Жыве сям‘я Кудрэйкаў у аграгарадку Калядзічы. Там, яшчэ па першым месцы працы, звілі сямейнае гняздо, якое атрымалася да таго ўтульным, што вырашылі не мяняць яго на гарадское.

Вольнага часу, каб адпачываць асабліва няма. Нават дома прыходзіцца абдумваць перспектыўныя планы развіцця прадпрыемства, аналізаваць канструктыўныя ідэі і старацца іх увасобіць у жыццё. Такімі людзьмі моцная пружанская зямля.

Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік