“Чужая душа – поцемкі”, – пісаў А.П.Чэхаў. Але ёсць людзі, чыя работа – разгле-дзець у гэтай душы святло і зрабіць так, каб яна заззяла ад шчасця. А лепшы дапаможнік – простае, ласкавае, часам падбадзёрваючае слова. Магчыма, таму псіхолагаў і называюць лекарамі душ чалавечых?
Мне хочацца расказаць пра аднаго з такіх “лекараў” – псіхолага СШ №1 г.Пружаны імя ЧБВА В.А.Цабрук. Сёлета менавіта яна стала пераможцай раённага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі.
Пра тое, што будзе працаваць у іншай галіне, апрача сферы адукацыі, Вольга Аляксандраўна нават і не задумвалася. У дзяцінстве рассаджвала сваіх лялек і выхоўвала іх, гуляла з імі ў школу. А калі пайшла туды сама, нярэдка прыбягала ў Слабадскі дзіцячы садок да мамы, дзе Святлана Міхайлаўна Лукша была выхавальніцай. Менавіта мама стала для дачкі прыкладам самаадданай любові да прафесіі.

Пасля заканчэння школы Вольга паступіла на спецыяльнасць “Дашкольнае выхаванне. Практычная псіхалогія” ў Баранавіцкі дзяржуніверсітэт. І ўжо праз год паспрабавала сябе ў ролі выхавальніцы дзіцячага садка №4.
– Працаваць з малымі вельмі падабалася. Дзеці ў садку добрыя і светлыя, яны не ўмеюць хлусіць. Аднак з часам мяне ўсё больш захапляла псіхалогія. Ва многім паўплывалі на гэта выкладчыкі, а можа, і тое, што самой тады была патрэбна псіхалагічная дапамога. У выніку, калі справа дайшла да атрымання дыплома, я ўжо ўяўляла сябе псіхолагам, – дзеліцца Вольга Аляксандраўна.
Ужо амаль дзесяць гадоў яе маленькі, але ўтульны кабінет захоўвае праблемы вучняў і іх бацькоў, настаўнікаў і кіраўніцтва школы. Так-так, нішто з таго, з чым прыходзяць да “лекара душы”, ні ў якім разе не выносіцца па-за сцены кабінета. Для эмацыйнай разгрузкі наведвальнікаў ёсць дартс. Вольга Аляксандраўна кажа, што даволі часта прапаноўвае дзецям пагуляць у яго: “Я кажу ім, што мішэнь – гэта і ёсць іх уласныя праблемы, а дроцікі – тое, што дапаможа з імі справіцца. Пасля мы абмяркоўваем сітуацыю і разам прыходзім да нейкага выйсця”.
Ёсць у псіхолага найбольш частыя наведвальнікі. Менавіта гэтыя дзеці і дапамагалі ў падрыхтоўцы да конкурсу. Напрыклад, у стварэнні відэароліка, які быў адным з конкурсных заданняў. Аднак не абышлося без прыгод: калі сцэнарый быў ужо напісаны, Вольга Аляксандраўна раптам захварэла. Здымкі адклаліся на некалькі тыдняў і ажыццявіліся толькі пасля папраўкі. Дарэчы, за тэхнічную дапамогу яна вельмі ўдзячна Мікалаю Дубінчуку.
Але час знаходжання дома псіхолаг не патраціла дарма: падрыхтавала метадычную распрацоўку, якая прысвячалася нейраграфіцы. Гэты від арт-тэрапіі псіхолаг актыўна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце. Кажа, што ён дапамагае вучням і нават педагогам расслабіцца і нібы перанесці свае цяжкасці на паперу з дапамогай ліній і маркераў. Таксама напісала эсэ, у якім разважала над тым, ці з’яўляецца асабіста для яе прызваннем абраная прафесія.
– За гады працы ўсё больш упэўніваюся, што з’яўляецца, – кажа Вольга Аляксандраўна. – Ведаеце, прафесіі псіхолага можна нават пазайздросціць, бо яна дае магчымасць развівацца ў творчым і духоўным плане. У той жа час да яе прад’яўляюцца высокія патрабаванні, патрэбна вышэйшая адукацыя. Дзейнасць школьнага псіхолага цікавая і шматгранная, але і даволі складаная. Мая праца не заканчваецца ў 17.00, таму што дзеці могуць напісаць ці патэлефанаваць у любы час сутак. Для іх я – і натхняльнік, і настаўнік, які імкнецца дапамагчы. У гэтым і ёсць прызванне псіхолага – не пакінуць чалавека сам-насам, навучыць яго гармоніі з людзьмі, што знаходзяцца побач, і гармоніі з самім сабой.
Што з’яўляецца крыніцай гармоніі для самога псіхолага? Зразумела, добрыя вынікі працы. А яшчэ сям’я. Менавіта адтуль Вольга Аляксандраўна чэрпае энергію і сілы, разам з сям’ёй адпачывае душой.
Дарэчы, што цікава, ні мужу Паўлу, ні сыну Аляксандру, ні дачцэ Валерыі яна не аказвае псіхалагічную дапамогу. Не атрымаюць яе і блізкія сяброўкі. Тлумачыць Вольга Аляксандраўна гэта тым, што, калі чалавек блізкі для цябе, ты заўсёды знаходзішся на яго баку і не можаш аб’ектыўна ацаніць сітуацыю, таму такая дапамога не будзе якаснай і эфектыўнай. Тым не менш, без патрэбных парад не абыходзіцца.
– Я ўпэўнена, што выйсце можна знайсці з любой складанай сітуацыі. І проста стараюся дапамагчы іншым зразумець гэта. Ну, а па жыцці стараюся ісці з такім дэвізам: “Думаць толькі пра добрае, працаваць толькі ад душы і чакаць толькі лепшага”. Няхай усё так і будзе, – кажа Вольга Аляксандраўна.
P.S. Прызнаемся, матэрыял пра псіхолага быў гатовы даўно, але мы знарок адклалі яго, што называецца, у шуфлядку. Разам з Вольгай Аляксандраўнай чакалі вынікаў абласнога этапу конкурсу. І не дарма! Псіхолаг СШ №1 імя ЧБВА годна заявіла пра сябе на ўзроўні вобласці і атрымала дыплом II ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Гэта было даволі няпроста, хвалявання дадавала тое, што заключны этап конкурсу вырашана было правесці ў дыстанцыйным фармаце. Аднак з усімі заданнямі Вольга Цабрук справілася. Віншуем і жадаем пакарэння новых прафесійных вяршынь!
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Сяргея Талашкевіч