Вторник, 18 марта 2025

Псіхолаг Пружанскай ЦРБ Таццяна Курачынская расказала, чаму псіхічнае здароўе — важны крытэрый даўгалецця

529

Няма ніводнага чалавека, які б не сутыкаўся з крызісамі, стратамі, эмацыйным болем —гэта частка нашага жыцця. Як знайсці той самы баланс і навучыцца супрацьстаяць цяжкасцям, нам расказала псіхолаг Пружанскай ЦРБ Таццяна Курачынская.

— Мы ўсе ўкінуты ў пэўную рэальнасць, у нейкі гістарычны перыяд і сацыяльныя ўмовы, якія мы не выбіралі. Таццяна Васільеўна, дык усё ж, што можам зрабіць для свайго ўнутранага дабрабыту?

— Тое, што мы сапраўды можам выбіраць, — гэта браць адказнасць за свой унутраны дабрабыт, за эмацыйны стан. Гэта кантроль свайго ўнутранага становішча, пасільнае кіраванне сітуацыяй у наяўных умовах. Клопат пра ўнутраны дабрабыт — гэта «гульня ў доўгую». Калі рабіць штодзённыя крокі ў гэтым напрамку, то ў перспектыве мы нарошчваем нашу псіхічную ўстойлівасць.

— Такім чынам, што важна ведаць у першую чаргу?

— Шукаць баланс. Нармальная дзейнасць мозгу — гэта пастаянны баланс паміж цэнтрамі станоўчых і адмоўных эмоцый. Калі занадта адмоўных — узнікае дэпрэсія. Калі занадта станоўчых — эйфарыя са зніжаным пачуццём небяспекі, страты кантролю. Павінен быць аптымальны баланс.

— Усе мы ведаем, як падаўляць пачуцці. Нас у дзяцінстве вучылі быць культурнымі і «трымаць сябе ў руках», але не вучылі таму, куды і як накіроўваць энергію эмоцый. Што з гэтым рабіць?

— Дазваляць сабе адчуваць. Доўга стрыманыя пачуцці выяўляюцца праз апатыю, дэпрэсію, некантралюемыя ўспышкі гневу і нават хваробу. Таму карысна вывучаць свае пачуцці. Пераносіць унутраныя перажыванні на паверхню, выгружаць з сябе. У вас павінна быць магчымасць не збіраць эмоцыі, а пражываць, прамаўляць, праплакваць.

— Я так разумею — будаваць блізкія сувязі, кахаць і сябраваць?

— Чалавек не створаны для адзіноты. Мозг адносіць адзіноту да неспрыяльных умоў. Ізаляцыя неспрыяльна ўплывае на псіхічнае здароўе. Мы ўсе маем патрэбу ў каханні і клопаце. Блізкасць, цёплыя адносіны, дакрананні спрыяюць выпрацоўцы эндарфіну — гармону шчасця. Ен дапамагае лягчэй перажыць стрэс.

— Кажуць, што ўмераныя фізічныя нагрузкі вельмі карысныя пры розных псіхалагічных засмучэннях, уключаючы дэпрэсію і трывожнасць. Ці так гэта на самай справе?

— Безумоўна, рухацца трэба больш. Рэгулярныя заняткі могуць лячыць дэпрэсію больш эфектыўна, чым лекі. Спорт — ідэальны антыдот эмацыйнай напружанасці. У руху важныя рэгулярнасць, працягласць (не менш за 20-30 мінут штодзённа). Чым больш чалавек рухаецца, тым лепшы кровазварот галаўнога мозгу і тым хутчэй аднаўляюцца нейроны, што паляпшае пазнавальныя здольнасці, а таксама памяць.

— Адна з прыроджаных праграм мозгу — патрэбнасць у новай інфармацыі.

— Даследчыя паводзіны, цікавае асяроддзе, убачыць, пачуць нешта новае — карысна і пазітыўна для арганізма. Каб не было сумна, мозгу трэба пастаўляць новую інфармацыю. Такія звесткі радуюць мозг, і ён цешыцца навізной. Часам важна проста змяніць лакацыю — і ўжо адчуваеш сябе лепш. А жыццё ў такога чалавека эмацыйна больш яркае і пазітыўнае.

Усім псіхічнага здароўя, спакою і даўгалецця!

Гутарыла Ірына Велясевіч

Фота з архіва ЦРБ