У дзіцячым садку № 5 г. Пружаны да Дня народнага адзінства правялі святочнае мерапрыемства, на якім прысутнічалі два прызёры ІІ Гульняў краін СНД — ураджэнцы Пружаншчыны Андрэй Літвіновіч і Анатоль Хоміч.
Мерапрыемства пачалося з прывітальнай прамовы, словы якой былі вельмі дакладна падабраны, што дазволіла з першых хвілін прасякнуцца значнасцю дзяржаўнага свята, якое адзначалася ў нашай краіне 17 верасня. Потым падчас выканання дзяржаўнага гімна быў узняты сцяг Рэспублікі Беларусь. Як жа прыемна было глядзець на наша зусім юнае пакаленне, якое ўважліва назірала за сцягам і ўслухоўвалася, такое пачуццё, у кожны радок беларускага гімна… Адчувалася: дзеці ведаюць, што гэта штосьці большае, чым проста словы з песні. Быць можа, калісьці і яны будуць слухаць гэты самы гімн, знаёмы з малых гадоў, у іншым горадзе ці нават краіне на вялікім стадыёне не на адну тысячу месцаў для балельшчыкаў, і гімн гэты будзе гучаць у іх гонар, як гучаў у гонар спартсменаў, якія на мерапрыемстве ў садку стаялі побач з імі.
Пакуль жа малыя робяць свае першыя крокі ў спорце і ўсе свае здольнасці стараліся праявіць падчас Тыдня здароўя і спорту, які праводзіўся напярэдадні ў дзіцячым садку. А ў фінальны дзень тэматычнага тыдня выхаванцы сабраліся, каб разам падвесці вынікі сваіх спартыўных дасягненняў і адзначыць Дзень народнага адзінства. З гэтай святочнай нагоды дзеці падрыхтавалі прыгожыя, яс-кравыя танцы і песні, ад якіх гледачы атрымалі шмат прыемных эмоцый. Гэта было сапраўднае свята!
А яшчэ больш цікавым мерапрыемства стала ў той момант, калі да мікрафона запрасілі спартсменаў, якія праславілі нашу Пружаншчыну. Андрэй Літвіновіч і Анатоль Хоміч аказаліся даволі сціплымі і нешматслоўнымі. Але, як мы ведаем, героі заўсёды мала гавораць, але шмат робяць. Выхаванцы садка былі ўдастоены гонару атрымаць з рук прызёраў ІІ Гульняў краін СНД граматы за ўдзел у Тыдні спорту і здароўя.
На працягу ўсяго мерапрыемства панавала па-сапраўднаму святочная атмасфера, якая аб’ядноўвала і дарослых, і дзяцей.
Напрыканцы мне хацелася асабіста пагутарыць з нашымі спарт-сменамі. Чатырнаццацігадовыя Андрэй і Анатоль аказаліся спагаднымі хлопцамі, якія на маю просьбу адказалі згодай. Андрэй Літвіновіч нарадзіўся ў Пружанах, жыў у аграгарадку Шані, Анатоль Хоміч родам з вёскі Чахец. Абодва юнакі расказалі, што займацца лёгкай атлетыкай пачыналі ў ДЮСШ г. Пружаны. На дадзены момант спартсмены навучаюцца ў Цэнтры алімпійскага рэзерву ў Брэсце, жывуць там у інтэрнаце.
— У Цэнтр алімпійскага рэзерву я трапіў зусім нядаўна — у 8-ым класе. Гэтым летам прыняў удзел у другіх Гульнях краін СНД, дзе заваяваў бронзавую ўзнагароду ў бегу на 600 метраў. Гэтыя гульні падарылі шмат эмоцый. Справа не толькі ў заваяваным медалі. Нашы балельшчыкі былі выдатныя, неверагодна нас падтрымлівалі, што зараджала дадатковай энергіяй, і сыграла немалаважную ролю ў заваяванні нашых узнагарод. А гэта было вельмі цяжка. Раней я ўдзельнічаў у рознага роду спаборніц-твах, але медаль з ІІ Гульняў краін СНД, напэўна, з’яўляецца галоўным у маёй скарбонцы. Мая спартыўная мара — пабываць на Алімпійскіх гульнях і заняць прызавое месца, — адзначыў Андрэй.
Пасля размовы з Андрэем я здзівіўся таму, наколькі хутка ён дабіўся поспеху на такім сур’ёзным узроўні, улічваючы тое, што пачаў займацца дадзеным відам спорту толькі з 5-га класа. Але наступны суразмоўца здзівіў у гэтым плане яшчэ больш, бо прыйшоў у спорт яшчэ пазней.
— Лёгкай атлетыкай я пачаў займацца ў 6-7 класе, таксама ў ДЮСШ г. Пружаны. Неўзабаве паехаў на спаборніцтвы ў горад Брэст, дзе заняў 1-е і 2-е месцы. Пасля гэтага мяне запрасілі займацца ў Цэнтр алімпійскага рэзерву. На другіх Гульнях краін СНД стаў пераможцам у штурханні ядра, а таксама заняў 2 месца па кіданні дыска. Калі пасля маёй перамогі ўключылі гімн, у мяне пабеглі мурашкі па скуры. Я адчуў гонар. На дадзены момант гэта мае галоўныя спартыўныя перамогі. Канечне, як і Андрэй, я мару паўдзельнічаць і перамагчы ў Алімпійскіх гульнях, — сказаў Анатоль.
Падчас размовы з нашымі спартсменамі я пераканаўся, што ў іх вялікі патэнцыял. Як жа хутка яны дасягаюць такога патрэбнага для ўсёй краіны выніку! Безумоўна, Анатоль Хоміч і Андрэй Літвіновіч маюць усе шанцы, каб ажыццявіць свае галоўныя мары. Дакладна так, як і кожны з нас. Галоўнае пачаць!
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік
Больш фота: https://vk.com/album-23306785_296591064