Для кагосьці дарослае жыццё надыходзіць, калі школьны клас мяняецца на студэнцкую аўдыторыю. А 72 прызыўнікі нашага раёна на мінулым тыдні перасеклі гэты рубеж падчас урачыстага ўручэння павестак на тэрміновую ваенную службу, якое традыцыйна прайшло ў Палацы культуры.
Адпаведны загад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызыўнікам зачытаў ваенны камісар І.М.Рапейка. Ён і ўручыў юнакам павесткі на службу ў войсках спецыяльнага прызначэння, дэсанце, ваенна-паветраных сілах, у пагранічных і іншых вайсковых часцях і фарміраваннях, якія дыслакуюцца ў Бярозе, Івацэвічах, Брэсце, Гродне, Мар’інай Горцы, Слоніме і Мінску. Як расказаў Ігар Мікалаевіч, васьмёра прызыўнікоў будуць служыць у рэзерве.
А «ўхілістаў» у гэтым сезоне няма, хаця матэрыялы на аднаго ўцекача з мінулага прызыву накіраваны ў пракуратуру раёна.
Са словамі ў дарогу, пажаданнямі ганаровых дасягненняў і пераадолення розных перашкод да вяршынь мужнасці выступілі старшыня раённай стрыктуры ДТСААФ В.М.Гарахавіцкі і намеснік начальніка райаддзела міліцыі А.А.Семаковіч.
А атмасферу добрага настрою стварылі самадзейныя артысты Палаца культуры.
Алег Сідарэнка