Понедельник, 2 декабря 2024

Прызванне — дапамога людзям. Больш за 40 гадоў працуе фельчарам Папялёўскага ФАПа Надзея Заянчкоўская

537

Упэўнены, што ў нашым раёне вельмі многа працавітых, сумленных і добразычлівых людзей. Яны проста шчыра і аддана працуюць дзеля сваёй сям’і, свайго роднага куточка і краіны ўвогуле. І ў рабоце сваёй бачаць сэнс жыцця. А як жа інакш, кожны павінен, прыйшоўшы ў свет гэты, быць запатрабаваным, адчуваць сваю прыналежнасць да ўсяго, што адбываецца вакол. І самае галоўнае, на маю думку, што такія працаўнікі вельмі часта аказваюцца людзьмі сарамлівымі, ім не патрэбна лішняя пагалоска і ўвага. Для іх куды важнейшы канчатковы вынік сваёй дзейнасці, каб перад сабой і навакольнымі не было сорамна.

Фельчар Папялёўскага ФАПа Надзея Заянчкоўская заўсёды гатова выслухаць і дапамагчы і справай, і словам.

Чалавекам справы і прыкладам для пераймання лічаць калегі, пацыенты і проста знаёмыя фельчара Папялёўскага ФАПа Надзею Заянчкоўскую, якая на адным месцы адпрацавала без малога 41 год. Ураджэнка в. Акцябр Кобрынскага раёна як прыехала 1 красавіка 1982 года пасля заканчэння Брэсцкага медыцынскага вучылішча па размеркаванні ў Папялёва, так і па сённяшні дзень аказвае медыцынскую дапамогу насельніцтву.

Надзея Віктараўна — душэўны фельчар, яна ніколі не забывае пра карысць добрага слова, якое часам з’яўляецца больш гаючым, чым лекі, асабліва для людзей пажылога ўзросту. А іх на падведамаснай тэрыторыі Папялёўскага ФАПа становіцца з кожным годам усё больш.

Усяго хапала ў рабоце фельчара за такі вялікі прамежак часу. Ёсць што ўспомніць Надзеі Віктараўне. З настальгіяй узнаўляе ў памяці пачатак сваёй працоўнай біяграфіі. Тады даводзілася абслугоўваць дзевяць населеных пунктаў, у якіх пражывала больш за тысячу чалавек. Даводзілася працаваць і на ФАПе ў в. Боркі, бо маладыя спецыялісты там не затрымліваліся, а пакінуць людзей без медыцынскай дапамогі ў папялёўскага фельчара сумлення не хапала, а цяпер гэта ўжо ўчастак Надзеі Віктараўны. І хоць работы было вельмі многа, хапала выклікаў і ноччу, асноўным транспартным сродкам заставаўся веласіпед, але, па словах жанчыны, гэтая акалічнасць ніяк не засмучала, бо прыносіць карысць людзям — ці не лепшае прызначэнне кожнага з нас?!

Час бывае няўмольны, асабліва гэта адбіваецца на вёсках, якія паступова літаральна выміраюць. Мяркуйце самі: цяпер на абслугоўванні Надзеі Віктараўны ўсяго 163 чалавекі, з іх толькі пяць дзетак. Сумна. Але фельчар Папялёўскага ФАПа рукі не апускае і не расслабляецца: хваробы ж нікуды не зніклі. Хоць сама ўжо на пенсіі, але работу не кідае і ў любым выпадку гатова прыйсці на дапамогу. На дадзены момант надзейным яе памочнікам з’яўляецца муж Мікалай Канстанцінавіч, які сваім транспартам падвозіць жонку да хворых пацыентаў.

Пра сям’ю… І тут у Надзеі Віктараўны ўсё ў парадку. Клапатлівы муж, з якім не так даўно адзначылі 40-годдзе сумеснага жыцця — рубінавае вяселле! Разам вырасцілі трох дзяцей — сыноў Мікалая, Аляксандра і дачушку Ганну, выхавалі сумленнымі і працавітымі людзьмі. Грэюць душу ўнучкі Таццяна, Вера і Сафія, якія наведваюць бабулю з дзядулем і заўсёды прыўносяць у іх жыццё радасць і прыемныя клопаты. Тут толькі застаецца па-добраму пазайздросціць сям’і Заянчкоўскіх і пажадаць ім самага звычайнага і такога патрэбнага ў жыцці — моцнага здароўя, спакою на душы і ўпэўненасці ў тым, што заўтра абавязкова будзе яшчэ лепш, чым сёння.

Літаральна ўчора, 31 студзеня, Надзея Заянчкоўская адзначыла сваё 60-годдзе. Паважаная Надзея Віктараўна, ад імя калег і ўдзячных пацыентаў жадаем Вам, каб кожны дзень быў напоўнены ўсмешкамі, радасцю і шчасцем! У доме няхай пануюць любоў, разуменне і дабрыня. Каб Вас заўсёды акружаюць любімыя сэрцу людзі. Няхай усё задуманае абавязкова ажыццявіцца!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік