Среда, 19 февраля 2025

Прыёмную сям’ю Ірыны Карачун наведалі прадстаўнікі райвыканкама і Дзед Мароз са Снягуркай

1 175

— Добры дзень і з Новым годам! – такімі словамі сустракае нас на парозе хлопец у вайсковай форме. Для Захара, які вучыцца ў кадэцкім вучылішчы ў Баранавічах, дом сямейнага тыпу на вул. Кастрычніцкай стаў родным толькі мінулым летам. Але і гэтага часу хапіла, каб зразумець, што тут яго любяць.

Прыёмную сям’ю Ірыны Карачун наведалі старшыня райвыканкама Юрый Бісун, прадстаўнікі аддзела па адукацыі і, зразумела, Дзед Мароз са Снягуркай. Ужо другі Новы год гэтая прыёмная сям’я сустрэла ў новым доме.

Ірына Карачун стала прыёмнай мамай 13 гадоў таму, калі пайшоў з жыцця яе муж. Дачка Алеся і сын Ян тады ўжо паехалі вучыцца. Адзіноцтва было невыносным.

— Я працавала ў кафэ «Афрыка», куды часта прыводзілі дзетак з прытулку. Я глядзела на іх і разумела, што змагу быць патрэбнай для кагосьці з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. А пасля ўбачыла перадачу, у якой сямігадоваму хлопчыку давалі банан, а той нават не ведаў, як яго есці. Бадай, гэта таксама падштурхнула паехаць у Сонечны, — успамінае Ірына Вітальеўна.

Пасля ўсіх неабходных працэдур вырашыла ўзяць пяцігадовага Мікіту. Але аднойчы Ірыне Вітальеўне прысніўся сон, у якім маленькая дзяўчынка па імені Міраслава шукала ў яе суцяшэння. Потым высветлілася, што ў Мікіты ёсць двухгадовая сястрычка. І завуць яе… як і дзяўчынку ў сне.

Разам з прыёмнай мамай у 2020-м у новы дом сямейнага тыпу, акрамя Міраславы і Мікіты, пераехалі Ліза, Ілья, Віця і Вова. Пазней да іх далучыліся Паша і Захар.

З Дзедам Марозам і Снягуркай дзеці гулялі і вадзілі карагод. А пасля перайшлі да падарункаў. Старшыня райвыканкама Юрый Бісун перадаў святочны кошык ад раённай улады, пажадаў моцнага здароўя ўсёй сям’і, поспехаў у вучобе — дзецям. Не засталіся ўбаку і дзеткі: для Юрыя Юр’евіча яны зрабілі сувенірную ёлачку, якую кіраўнік раёна паабяцаў змясціць у сваім рабочым кабінеце.

Цёплыя словы прагучалі ад начальніка аддзела па адукацыі Ірыны Казарэз і галоўнага спецыяліста сектара па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх Таццяны Пракопчык.

Ірына Карачун расказала, што сям’я заўсёды па-асабліваму чакае свята Божага Нараджэння. Разам ходзяць на богаслужэнні ў Дом малітвы, з вялікай радасцю глядзяць цудоўныя пастаноўкі і абменьваюцца падарункамі. А на 2022-гі ў прыёмнай матулі ёсць мара і мэта. Дапытвацца, што гэта, мы не сталі: на тое яна і мара. Тым больш, што галоўнае, па словах жанчыны, каб усе дзеці на свеце былі любімымі і шчаслівымі.

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)