Ва ўстанове адукацыі «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» ідзе прыём дакументаў ад абітурыентаў.

Набор навучэнцаў на дзённую форму атрымання адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі будзе ажыццяўляцца па 3 жніўня, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — па 12 жніўня.

Пасля заканчэння дзевяці класаў абітурыент можа выбраць адну з чатырох спецыяльнасцяў: «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі», «Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы», «Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання», «Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці». Для выпускніка з дакументам аб агульнай сярэдняй адукацыі існуе выбар паміж дзвюма першымі спецыяльнасцямі, пералічанымі вышэй.

У першы дзень прыёму дакументаў калектыў сярэдняй спецыяльнай установы адукацыі падрыхтаваў урачыстае мерапрыемства, падчас якога патэнцыяльныя навучэнцы бліжэй пазнаёміліся з каледжам.

Да маладых людзей з прывітальным словам звярнуўся дырэктар ПДАТК Дзмітрый Чайкоўскі.

Ён пажадаў прысутным упэўненасці ў сваіх уменнях і навыках, а таксама выказаў спадзяванне, што для кожнага абітурыента каледж стане месцам атрымання грунтоўных ведаў і добрых успамінаў.

Падлеткам, якія першымі падалі дакументы на абраныя спецыяльнасці, былі ўручаны падарункі з лагатыпам Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа: кубак, блакнот і ручка.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Глядзіце фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_294720392 і https://ok.ru/budni/album/964768812680