На сумесным пасяджэнні Пружанскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў сярод іншых разглядалася пытанне аб праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна на 2024 год. З дакладам па ім выступіла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец. Святлана Мікалаеўна агучыла прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2023 год і акрэсліла планы на год сёлетні.
Як спрацавалі ў 2023 годзе
Нягледзячы на складаную сацыяльна-палітычную сітуацыю бягучага года, з 11 прагнозных паказчыкаў і заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна чакаецца выкананне сямі.
Забяспечана выкананне запланаваных паказчыкаў па сярэднямесячнай заработнай плаце. Намінальная налічаная заработная плата, у працэнтах да ўзроўню 2022 года, складзе 118,4% пры прагнозе 115,7%.
Забяспечана паступленне сукупных даходаў у бюджэт — 116,2% пры плане 108,4% да ўзроўню 2022 года.
Нягледзячы на рост інвестыцый у асноўны капітал — 103,3% да ўзроўню 2022 года — прагноз у 123,3% не выконваецца.
З васьмі паказчыкаў, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту Брэсцкай вобласці, і іншых заданняў будуць выкананы пяць:
- індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці складзе 108% пры гадавым заданні 103%,
- тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі —104% пры заданні 102%,
- тэмп росту рознічнага тавараабароту — 105,5% пры заданні 104,1%,
- паказчык па энергазберажэнні складзе -5% пры аналагічным заданні,
- увод жылля складзе 11,4 тыс. кв. м пры заданні 10,6 тыс. кв. м.
Па прычыне зніжэння інвестыцыйнай актыўнасці не забяспечваецца выкананне задання па тэмпах росту будаўніча-мантажных работ — 84,1% пры заданні 108,8%.
Зніжэнне экспартных цэн на малочную прадукцыю прывяло да невыканання паказчыка па экспарце тавараў: у коштавым вылічэнні ён складзе 96,4 млн. дол. ЗША (83,8% да ўзроўню 2022 года).
За студзень — лістапад 2023 года ў сферы прадпрымальніцтва раёна зарэгістравана 80 індывідуальных прадпрымальнікаў і 10 юрыдычных асоб. Пры гэтым 138 ІП і 10 юрыдычных асоб выключана з Адзінага дзяржрэестра.
Па выніках працы ў студзені — кастрычніку атрымана 56,3 млн. рублёў чыстага прыбытку. Са стратай спрацавала адно прадпрыемства. Рэнтабельнасць продажаў па раёне склала 7,8%.
Адной з нявырашаных праблем, з якой у той ці іншай ступені сутыкнуліся ўсе прадпрыемствы, застаецца забяспечанасць кадрамі.
Колькасць занятага насельніцтва па раёне ў студзені — кастрычніку 2023 года склала 18359 чалавек. Тэмп росту колькасці занятага насельніцтва за гэты перыяд склаў 98% пры прагнозным паказчыку на студзень — снежань 2023 года 98,1%.
Прадпрыемствамі, арганізацыямі па стане на 1 снежня 2023 года заяўлена 562 вакансіі, што на 41,9% больш, чым на 1 студзеня. Напружанасць на рынку працы раёна склала менш за аднаго беспрацоўнага (0,03) на адну вакансію.
Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2024 год
У якасці мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вызначаны:
- тэмп росту намінальнай налічанай заработнай платы, у працэнтах да студзеня — снежня 2023 года — 111,6%;
- тэмп росту сукупных паступленняў даходаў у бюджэт, у працэнтах да 2022 года, — 109,3%;
- тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал, у працэнтах да 2023 года (у супастаўных цэнах) — 115,1%;
- нарматыў зніжэння ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг) па арганізацыях, падначаленых мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, —(-) 1,9%.
Намінальная налічаная заработная плата ў сумарным выражэнні за студзень — снежань 2024 года складзе 1741 рубель. Рост заработнай платы павінен быць забяспечаны за кошт скарачэння матэрыяльных і працоўных выдаткаў, павышэння прадукцыйнасці працы, мадэрнізацыі працоўных месцаў і дыферэнцыяцыі аплаты працы.
Выкананне паказчыка па сукупных паступленнях даходаў у бюджэт будзе забяспечана за кошт росту падаходнага падатку з фізічных асоб на 108,7% да ўзроўню 2023 года (гэта асноўная крыніца даходаў раёна і сукупных даходаў — 84% у структуры даходаў).
ДАВЕДКАВА. Пры разліку паказчыкаў сукупнага даходу выключаюцца паступленні бюджэтных арганізацый і прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, сярод якіх ёсць бюджэтаўтваральныя: ААТ «Пружанскі малочны камбінат», РУП «Брэстэнерга».
Паступленні падаходнага падатку ад прадпрымальніцкай дзейнасці (11,5% у структуры даходаў) павялічацца на 7,4%.
У 2,2 разы чакаецца рост паступлення падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання (2,5% у структуры даходаў), адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб (2,5% у структуры даходаў).
Для забеспячэння тэмпаў росту інвестыцый у асноўны капітал на ўзроўні 115,1% патрэбна прыцягнуць не менш за 227 млн. рублёў інвестыцый.
Пружанскі малочны камбінат завершыць рэалізацыю праекта па арганізацыі вытворчасці малочных прадуктаў і прыступіць да рэканструкцыі будынка цэха натуральнамалочнай прадукцыі, дзе плануецца размясціць вытворчасць сыроў.
У першым паўгоддзі 2024 года Пружанскае райспажыўтаварыства завершыць будаўніцтва цэха па вытворчасці мясных кансерваў.
Пружанскі завод радыёдэталяў працягне работу па асваенні камплектуючых для аўтамабільнай і бытавой тэхнікі.
Правядзенне маштабнай мадэрнізацыі, накіраванай на перапрафіляванне і павелічэнне вытворчасці прадукцыі, плануецца на ААТ «Пружанскі кансервавы завод».
У стадыі распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі знаходзіцца будаўніцтва малочнатаварных ферм ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Шані-аграпрадукт», ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» і птушніка ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка».
У 2024 годзе завершыцца рэалізацыя праектаў наступных сацыяльных аб’ектаў:
- будаўніцтва сталовай у Шарашоўскім псіханеўралагічным інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў;
- рэканструкцыя галоўнага корпуса раённай бальніцы з узвядзеннем прыбудовы для ўстаноўкі апарата рэзананснай камп‘ютарнай тамаграфіі.
Пачнецца рэканструкцыя былога будынка РЦГіЭ пад дзіцячую і жаночую кансультацыі.
З мэтай аказання насельніцтву якасных жыллёва-камунальных паслуг будуць працягнуты работы па будаўніцтве інжынерных сетак у кварталах забудовы і трох станцый абезжалезвання. Працягнуцца работы па аптымізацыі выдаткаў на ацяпленне жылля і сацыяльных аб’ектаў шляхам замены тэхналагічнага абсталявання ў кацельнях.
Будзе ўведзена каля 8,5 тыс. кв. м жылля.
Сродкі кансалідаванага бюджэту будуць накіраваны на рэстаўрацыю ўсходняга корпуса Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў.
Рэалізацыя планаў дазволіць забяспечыць тэмп росту будаўніча-мантажных работ на ўзроўні 105%.
Асноўнымі заданнямі развіцця сельскагаспадарчай галіны ў 2024 годзе будуць з’яўляцца павышэнне эканамічнай эфектыўнасці працы сельскагаспадарчых арганізацый. Тэмп росту валавой сельскагаспадарчай прадукцыі ў супастаўных цэнах павінен скласці 102%.
Выкананне паказчыка будзе забяспечана за кошт вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў наступных аб’ёмах:
- 144,4 тыс. тон збожжа,
- 16,7 тыс. тон рапсу,
- 14,6 тыс. тон бульбы,
- 2,5 тыс. тон агародніны,
- 3,1 тыс. тон ільновалакна.
За кошт павелічэння прадукцыйнасці дойнага статка да 7500 кг у 2024 годзе плануецца атрымаць не менш за 279 тыс. тон малака і забяспечыць рэалізацыю на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці малака класам «экстра» і самым высокім гатункам не менш за 99%.
Вытворчасць прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы павінна скласці 14,8 тыс. тон, свіней — 12,6 тыс. тон, яек — не менш за 66 млн. штук.
У прамысловай галіне раёна рост аб’ёмаў вытворчасці будзе забяспечаны за кошт павелічэння глыбіні перапрацоўкі мясцовых відаў сыравіны. Індэкс прамысловай вытворчасці ў 2024 годзе складзе 103,3% да ўзроўню 2023 года.
Малако, кефір і смятана вытворчасці ААТ «Пружанскі малочны камбінат» з’явяцца на прылаўках нашых крам. У планах прадпрыемства — значнае павелічэнне вытворчасці сухіх малочных прадуктаў і плаўленых сыроў.
Увод у эксплуатацыю каўбаснага цэха ААТ «Ружаны-Агра» дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці мясных паўфабрыкатаў.
Новыя віды прадукцыі будзе вырабляць ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». Завяршэнне будаўніцтва цэха па вытворчасці мясных кансерваў дазволіць прадпрыемству павялічыць аб’ёмы вытворчасці і нарасціць экспартны патэнцыял.
Пружанскаму заводу радыёдэталяў патрэбна асаблівую ўвагу надаць пашырэнню наменклатуры і спектра выпускаемай прадукцыі. Камплектуючыя, вырабленыя ў Пружанах, павінны прысутнічаць у аўтамабілях маркі «Джылі» і тэхніцы, вырабленай у Расійскай Федэрацыі.
Развіццё раёна ў значнай меры вызначаецца дынамікай замежнаэканамічнай кан’юнктуры.
Экспарт тавараў у цэлым па раёне складзе ў 2024 годзе 103,7 млн. дол. ЗША і павялічыцца да ўзроўню 2023 года на 7,6%. Эфектыўнасць замежнаэканамічнай дзейнасці будзе дасягнута за кошт выбудоўвання ўзаемавыгадных адносін з Расійскай Федэрацыяй, дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза, Кітайскай Народнай Рэспублікай і іншымі дружалюбнымі краінамі, а таксама захаванне пазіцыі на еўрапейскім рынку. Асаблівую ўвагу патрэбна надаць пастаўкам прадукцыі на афрыканскі рынак.
Развіццё спажывецкага рынку будзе арыентавана на забеспячэнне попыту насельніцтва ў якасных паслугах і таварах шырокага асартыменту. Прыярытэтнай задачай на 2024 год з’яўляецца павелічэнне долі айчынных тавараў у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту.
Тэмп росту рознічнага тавараабароту ў 2024 годзе да ўзроўню 2023 года складзе 103,8%. Галоўны фактар паспяховага выканання паказчыка тавараабароту — забяспечанасць таварамі шырокага асартыменту і рост даходаў насельніцтва. Толькі шырокі спектр тавараў розных цэнавых і якасных катэгорый зможа нівеліраваць уплыў інтэрнэт-гандлю на аб’ём тавараабароту.
Фінансавая ўстойлівасць арганізацый раёна ў 2024 годзе будзе забяспечвацца за кошт мер па зніжэнні выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі і забеспячэння па выніках 2023 года нарматыву на ўзроўні -1,9%.
Ключавымі паказчыкамі эфектыўнасці працы на 2024 год для кіраўнікоў камунальных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў, больш за 50 працэнтаў акцый якіх належаць раёну, з’яўляюцца: рэнтабельнасць продажу, чысты прыбытак, экспарт тавараў, паслуг (для арганізацый, што здзяйсняюць замежнагандлёвую дзейнасць) і тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал у супастаўных цэнах.
2024 год — гэта Год якасці. Год якасці на зямлі, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у абслугоўванні і дарогах, у рамках якога акцэнт будзе зроблены на павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі, на беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, на рэалізацыю значных праектаў, на прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі.