Многія жыхары Пружанскага раёна любяць спорт, імкнуцца да фізічнай дасканаласці, таму з кожным годам растуць спартыўныя перамогі землякоў. Поспехі нашых спартсменаў на абласным, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях сёння — гэта здаровае пакаленне і росквіт горада і раёна заўтра.

26 мая на базе ДЮСШ № 1 г. Пружаны прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння нагрудных значкоў «Фізкультурнік Беларусі», на якой былі ўшанаваны 33 аматары здаровага ладу жыцця.

Да прысутных са словамі віншавання звярнуўся галоўны спецыяліст райвыканкама Аляксей Лапыка:

— У нашым раёне, вобласці, рэспубліцы створаны ўсе ўмовы для ўмацавання здароўя нацыі, фізічнага развіцця, падрымання даўгалецця і прадаўжэння жыцця кожнага грамадзяніна нашай краіны. Толькі за апошнія пяць год адкрыта каля 150 спартыўных аб’ектаў. Наша краіна ўваходзіць у дваццатку мацнейшых спартыўных дзяржаў, якія прымаюць удзел у Алімпійскіх гульнях. Спорт — гэта важная частка ідэалогіі нашай рэспублікі, дзякуючы якой адбываецца ўмацаванне аўтарытэту краіны на міжнароднай арэне. Не застаецца ў баку і Пружаншчына.

Як расказаў Аляксей Леанідавіч, прадстаўнікі працоўных калектываў нашага раёна штогод прымаюць удзел у здачы нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Мэтай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца развіццё фізічнага выхавання насельніцтва, фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Менавіта ім, самым спартыўным прадстаўнікам розных устаноў і таварыстваў раёна, уручалі нагрудныя значкі бронзавай, сярэбранай і залатой вартасці старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова, якая таксама ўдзельнічала ва ўрачыстай цырымоніі, і Аляксей Лапыка.

Нагрудны значок бронзавай вартасці атрымалі 16 чалавек, сярэбраныя ўзнагароды былі перададзены 13 спартсменам-аматарам, чатыры ўдзельнікі ўрачыстасці — супрацоўнікі таварыстваў «Агра-Калядзічы», «Жураўлінае», «Мурава» — былі адзначаны залатымі нагруднымі значкамі «Фізкультурнік Беларусі».

Салістка ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Ангеліна Шумская павіншавала спартсменаў песняй «Беларусь мая сінявокая». А пасля завяршэння мерапрыемства пачаліся чарговыя спаборніцтвы па здачы нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_293370791 і https://ok.ru/budni/album/961969797256