«Сонцам радасць свеціцца
І няма журбы,
Бо сягоння Вербніца –
Свята у вярбы…»

Радкі з верша зэльвенскага паэта Уладзіміра Мазго як нельга лепш характарызуюць той настрой, што панаваў у мінулую нядзелю не толькі ў пружанскіх храмах, але і на тэрыторыях вакол іх, і на навакольных вуліцах. Праваслаўныя вернікі адзначалі Вербніцу.
Нядзелю за тыдзень да Вялікадня хрысціяне звязваюць з урачыстым уваходжаннем Ісуса Хрыста ў Іерусалім, калі ўсе жыхары сабраліся сустракаць Яго і ўсцілалі Яго шлях пальмавымі галінкамі. Напярэдадні, у суботу, Ісус уваскрэсіў свайго памерлага сябра Лазара і гэтым даказаў сваё права называцца Сынам Божым. Гэты цуд лічыцца адным з самых важных, здзейсненых Хрыстом у сваім зямным жыцці: ён даказаў, што і жыццё, і смерць падуладны Госпаду.

Раніцай у нядзелю ва ўсіх храмах прайшлі святочныя богаслужэнні, пасля якіх па традыцыі асвячаліся галінкі вярбы. Здаецца, у гэты дзень немагчыма было ўбачыць вакол сябе хмурыя твары: паўсюль панавалі ўсмешкі. Нават сама прырода ўсміхалася: пасля працяглага перыяду халодных вятроў і дажджоў раптам неба ачысцілася ад шэрых хмар, заззяла сонейка, а дробны дожджык, што ўсё ж праліўся пасля абеду, завяршыўся яркай вясёлкай.
Карэспандэнты раёнкі адзначалі Вербную нядзелю разам з прыхаджанамі Свята-Аляксандра-Неўскага і Свята-Мікольскага храмаў у Пружанах.
У гэты радасны дзень многія прыйшлі ў царкву з дзецьмі. Вось і сям‘я Шпендзік наведала Свята-Мікольскую царкву ў поўным саставе (на здымку – бацькі Мікалай і Кацярына, дочкі Злата і Васіліса).

І адразу пасля асвячэння можна было ўбачыць, як па старажытнай традыцыі людзі жартоўна пасцёбваюць адзін аднаго галінкамі, прыгаворваючы: «Будзь здаровы, як вада, і расці, як вярба… Не я б‘ю, вярба б‘е…»
Наогул у народзе асвечаным галінкам вярбы, якія ўвесь год захоўвалі за іконамі, надавалася цудадзейная сіла, іх дымам абкурвалі хворых, лічылася, што яны ахоўваюць жыллё ад маланкі і нячыстай сілы. Нездарма многія жанчыны густоўна і з любоўю ўпрыгожылі сваю вярбу: яркімі стужкамі, сухацветамі, штучнымі кветкамі.

А ўжо з панядзелка ў праваслаўных пачаўся Страсны тыдзень, падчас якога ўзгадваюцца Тайная вячэра, здрада, суд, распяцце і пахаванне Хрыста.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік