Суббота, 8 февраля 2025

Прыродны газ прыйдзе сёлета ў Лыскава і іншыя населеныя пункты раёна. Падрабязнасцямі падзяліўся начальнік Пружанскага раёна газазабеспячэння Анатолій Рахавецкі

273

У бягучым годзе запланавана павелічэнне працягласці газаправодаў на Брэстчыне. Як інфармуе Пружанскі раён газазабеспячэння ВУ «Кобрынгаз», пры выбары населеных пунктаў, якія запланавана газіфікаваць у рамках дзяржаўных праграм, было вырашана закрануць і Пружаншчыну.

Па больш падрабязную інфармацыю мы звярнуліся да начальніка Пружанскага РГЗ Анатолія Рахавецкага.

— З улікам прынцыпу аптымізацыі выдаткавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту на будаўніцтва газаправодаў, у першую чаргу газіфікацыі падлягаюць аграгарадкі і вёскі з найбольшай колькасцю патэнцыяльных спажыўцоў прыроднага газу, — зазначае Анатолій Георгіевіч. — Ёсць і на Пружаншчыне населеныя пункты, куды па розных крытэрыях мэтазгодна правесці магістралі з блакітным палівам. Напрыклад, у 2022 годзе запланавана газіфікацыя аграгарадка Лыскава з будаўніцтвам 6,5 км газаправода высокага ціску і ўстаноўкай газаразмеркавальнага пункта.

Крыніцай фінансавання гэтых намераў з’яўляюцца сродкі рэспубліканскага бюджэту, выдзеленыя на фінансаванне падпраграмы «Развіццё электраэнергетыкі і газіфікацыі вёскі» Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021-2025 гады.

— Што гэта азначае для аграгарадка?
— Магістраль высокага ціску — гэта газаправод, які падводзіць блакітнае паліва да патэнцыяльных спажыўцоў, непасрэдна да населенага пункта. Наступнай стадыяй газіфікацыі аграгарадка Лыскава будзе праектаванне і будаўніцтва вулічных размеркавальных нітак з газаправодамі-ўводамі для падключэння эксплуатуемых жылых дамоў вяскоўцаў. Згодна з Указам №368 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян», рэалізацыя гэтага этапу з будаўніцтвам новых аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы, як вызначае заканадаўства, будзе весціся праз арганізацыю спажывецкіх кааператываў.

— Атрымліваецца, што падключацца да цэнтралізаванага газазабеспячэння жыхары аграгарадка могуць, аб’ядноўваючыся ў суполкі?
— Сапраўды так, бо падобныя работы патрабуюць значных капіталаўкладанняў. Іх мэтазгодней падзяліць на ўсю вуліцу ці мікрараён, чым асобным домаўладальнікам траціцца ў адзіночку. Тым больш, што пры арганізацыі кааператыва вышэйназваным нарматыўным дакументам устаноўлены спецыяльны парадак фінансавання падобных работ. Пункт 2.3 агаворвае праектаванне і будаўніцтва новых вулічных размеркавальных магістраляў з газаправодамі-ўводамі ў дамах жыхароў сельскіх і іншых населеных пунктах колькасцю насельніцтва менш за 20 тысяч чалавек наступным чынам:
— 70% ад кошту за дзяржаўныя сродкі з рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў;
— 30% — грошы, сабраныя грамадзянамі, удзельнікамі кааператыва.

Трэба адзначыць, што ў такую суполку могуць увайсці толькі ўладальнікі жылых памяшканняў, якія плануецца падключыць да цэнтралізаванага газазабеспячэння. Для арганізацыі спажывецкага кааператыва неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт (Зеляневіцкі сельвыканкам), які прымае рашэнне аб будаўніцтве новых аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы.

— Такі падарунак, які, дарэчы, быў атрыманы якраз напярэдадні Дня працы, дарагога варты.
— Пагаджуся, але дадам, што ў бягучым годзе з прыемнымі навінамі мы прыйдзем не толькі ў Лыскава. Вопыт жыхароў гэтага аграгарадка раю дакладна вывучыць і ўзяць на ўзбраенне жыхарам в. Магілёўцы. У гэтым населеным пункце, згодна з планамі УП «Брэстаблгаз» на 2022-2023 гады, таксама задумана праектаванне і будаўніцтва газаправода для падвядзення блакітнага паліва.

А яшчэ, згодна з планамі па асваенні ў 2022 годзе бюджэтных сродкаў, па рашэнні Брэсцкага аблвыканкама №22 плануецца пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю вулічны размеркавальны газаправод з уводамі да жылых дамоў па вул. Юбілейнай у аг. Белавусаўшчына з арыенціровачнай працягласцю сетак да 0,15 км. І ў дадатак, паводле «Графіка фінансавання будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры», сёлета за кошт рэспубліканскага бюджэту пабудуем і здадзім у эксплуатацыю размеркавальныя сеткі газазабеспячэння ў квартале шматпавярховай забудовы па вул. 8 Сакавіка ў райцэнтры. Там працягласць магістраляў складзе 1,2 км з будаўніцтвам газарэгулятарнага пункта.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік і БелТА