Пятница, 14 февраля 2025

Прынцыпова і адказна працуе памочнік пракурора раёна Вераніка Манец

500

Памочнік пракурора Вераніка Манец — самы малады супрацоўнік раённай пракуратуры. Яна служыць тут з мая 2020 года, справай даказаўшы прафесійную адукаванасць у сферы выканання заканадаўства і законнасці прававых актаў.

Як расказвае Вераніка Эдуардаўна, яшчэ падчас вучобы ў школе яна часта выступала ў якасці «трацейскага суддзі», да справядлівых рашэнняў якога прыслухоўваліся не толькі равеснікі, а нават дарослыя.

— Імкненне заўсёды стаяць на баку праўды ў мяне закладзена, напэўна, на генетычным узроўні, — зазначае памочнік пракурора. — Мае прадзеды ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну з фашызмам, знішчалі нацысцкую чуму і на свае вочы бачылі, які «свет» праз генацыд захопнікі планавалі адбудаваць. Таксама мае родныя займаліся грамадскай дзейнасцю, абараняючы інтарэсы простых грамадзян.

Як прызнаецца Вераніка, спачатку быў такі момант, калі яна вырашыла пайсці ў прафесійны спорт, з-за чаго практычна ўвесь вольны час траціла на трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы. Але лёс распарадзіўся інакш. Таму ў старэйшых класах задумала паступаць на юрыста. У 2015 годзе мара ажыццявілася, і Вераніка Манец стала студэнткай юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Падчас вучобы дзяўчына актыўна засвойвала тэорыю, прысвячала нямала вольнага часу практычнай падрыхтоўцы, паралельна займалася навуковай дзейнасцю. Ад апошняй яна не адмовілася і зараз, працягваючы даследаваць новыя аспекты юрыспрудэнцыі ў магістратуры Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА».

Дарэчы, адразу пасля заканчэння Брэсцкай ВНУ Вераніка Манец атрымала накіраванне ў Бярозаўскую пракуратуру, дзе асвойвала азы службы. Праз некаторы час чарговы перавод прывёў яе ў Пружанскую пракуратуру, дзе яна служыць зараз памочнікам пракурора. Ці складана дзяўчыне выступаць у якасці абвінаваўцы? Як сцвярджае Вераніка Эдуардаўна, у гэтай прафесіі гендарныя адрозненні не маюць пераваг, многае залежыць ад складу характару. І наяўнасці маральных прынцыпаў.

— Напрыклад, павінна быць адказнае стаўленне да абавязкаў, гэта не проста работа. Гэта служба, на якой ты павінен дасягнуць пастаўленай мэты.

Тым, хто задумае выбраць шлях служэння закону, па словах памочніка пракурора, спатрэбіцца і дысцыплінаванасць. Нельга нават на хвіліну расслабляцца, пакідаць справы, як кажуць, «на потым». А сярод маральных прынцыпаў галоўным будзе законапаслухмянасць. Ці зможаш ты шчыра змагацца за справядлівасць, калі не кіруешся ёю ў сваім жыцці? Адказ на гэта пытанне для Веранікі Эдуардаўны відавочны. Што дакладна праяўляецца ў яе службе.

У красавіку памочнік пракурора Пружанскага раёна Манец была адзначана падзячнай граматай пракурора вобласці за адказнае стаўленне да службовых абавязкаў. Сваю першую адзнаку Вераніка Эдуардаўна ўспрымае як вынік калектыўнай працы: без дапамогі калег, кіраўніцтва наўрад ці ўдалося дабіцца якіх-небудзь дасягненняў. А яшчэ гэта доказ таго, што яна выбрала верны накірунак.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік