Сваё прафесійнае свята адзначылі прадстаўнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.
«З намі заўсёды цёпла» — пад такім дэвізам працуюць работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, без якой мы даўно не ўяўляем сваё жыццё.
На мінулым тыдні ўрачыстае мерапрыемства адбылося ў Пружанскім раёне газазабеспячэння філіяла ПУ «Кобрынгаз». Гэта добрая магчымасць падкрэсліць значнасць работы спецыялістаў газавай галіны, аб’яднаць калектыў, узнагародзіць лепшых работнікаў і выказаць падзяку людзям, чыя праца ляжыць у аснове эканамічнага дабрабыту краіны.
І, як прынята ў святочны дзень, у адрас работнікаў гучалі толькі самыя добрыя і цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў. Да іх таксама далучыліся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Лепшыя газавікі былі адзначаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі.
— У ХХІ стагоддзі газ — гэта выгоды народа, якія з кожным годам толькі прымнажаюцца. Газ выкарыстоўваецца не толькі ў прамысловасці, але і ў паўсядзённым жыцці. Усё гэта — заслуга вялікай каманды працаўнікоў галіны, за гэта мы вам бясконца ўдзячныя. Будзьце заўсёды здаровыя і шчаслівыя, няхай ваша жыццё складваецца так, каб раніцай хацелася з задавальненнем ісці на работу, а вечарам вяртацца дадому, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.
За заслугі ў вытворчай дзейнасці, паспяховае выкананне задач, якія стаяць перад прадпрыемствам, і ўзорнае выкананне сваіх працоўных абавязкаў нагрудным знакам «Ганаровы работнік УП «Брэстаблгаз» узнагароджаны слесар аварыйна-дыспетчарскай службы Юрый Жданаў. Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што ў газавай галіне выпадковых людзей не бывае. Той, хто знайшоў сябе ў гэтай складанай і адказнай прафесіі, застаецца верным ёй назаўжды.
Зладжанасць у дзеяннях і паразуменне пры дасягненні адзіных мэт — адна з лепшых якасцяў калектыву Пружанскага раёна газазабеспячэння, у якім працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты і рабочыя.
Работнікам галіны хочацца пажадаць самага галоўнага: хай праца прыносіць радасць і задавальненне ад дасягнутых мэт, а аварыйныя машыны газавікоў выязджаюць з тэрыторыі толькі па вучэбнай трывозе!
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_304001781 і https://ok.ru/budni/album/982904100488