Среда, 17 июня 2026

Прыгожы свет Любові Гугнюк

477
На здымку: Любоў Гугнюк з галоўнай памочніцай Антанінай Швед.

Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Гэта прапісная ісціна напрамую адносіцца да старасты аграгарадка Клепачы Мокраўскага сельсавета Любові Гугнюк, якая вось ужо 10 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аднак працягвае працаваць на карысць роднага пасёлка.

Для Любові Мікалаеўны Клепачы сталі роднымі больш за 40 гадоў таму, калі маладая дзяўчына, ураджэнка Калінінградскай вобласці, воляй лёсу апынулася на беларускай зямлі і ў замужжы засталася жыць на Пружаншчыне. Яна дагэтуль ўспамінае, як у 1982 годзе ўпершыню апынулася ў пасёлку, дзе не было ні добрых дарог, ні дагледжаных домікаў, ні развітой інфраструктуры. Але жанчыну з моцным характарам гэта не спалохала, а, наадварот, падштурхнула на новыя ідэі і іх увасабленне.

— На той час у мяне ўжо была спецыяльнасць «тэхнік-будаўнік, майстар вытворчага навучання». Я скончыла Варонежскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, таму з працаўладкаваннем праблем не было. Адразу знайшлося месца ў ПМК-29 інструктарам перадавых метадаў работы. Пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася тэхнікам-будаўніком у саўгас-камбінат «Савецкі», цяперашняе ААТ «Жураўлінае». У 2010 годзе назначылі майстрам на прадпрыемства «Жилищник»», а крыху пазней стала начальнікам усяго камунальнага ўчастка. Тады выдзелілі грошы на добраўпарадкаванне пасёлка, і мы пачалі займацца рамонтам пад’ездаў, наводзіць парадак на вуліцах і прыдамавых тэрыторыях, рабіць клумбы і садзіць дрэвы. Вельмі прыемна, што ў работу ўключыліся ўсе жыхары, і хутка Клепачы стала не пазнаць, — з гонарам расказвае Любоў Гугнюк.

Гледзячы на тое, як змяніўся пасёлак сёння, набыў статус аграгарадка, можна з упэўненасцю сказаць, што ў гэтым і вялікая заслуга Любові Мікалаеўны. Спачатку яе кандыдатуру зацвердзілі дэпутатам у мясцовыя саветы, а пасля прызначылі старастай. Працу з людзьмі яна ведае на «выдатна», таму за 30 гадоў кіравання пасёлкам праблем з вырашэннем вострых пытанняў асабліва і не было. Заўсёды адкрытая, добрая і спагадлівая, яна заўжды побач з аднавяскоўцамі, хутка рэагуе на ўсе іх просьбы, і людзі адказваюць узаемнасцю. Нават падчас нашай гутаркі ў яе некалькі разоў званіў тэлефон, і Любоў Мікалаеўна адразу ўключалася ў размову і на месцы вырашала пытанні.

— Я лічу, што стараста — гэта правая рука старшыні сельвыканкама, як бы казаць, выканаўца даручэнняў. Я заўсёды на месцы, добра ведаю жыхароў, іх праблемы і клопаты, таму дастаткова хутка магу знайсці выхад з любой сітуацыі, якой бы складанай яна ні была. Мы са старшынёй сельвыканкама Вольгай Грышкевіч заўсёды на сувязі і разам вырашаем часам няпростыя задачы, але ў сілу свайго вопыту ўсё атрымліваецца, і вынік радуе. Таму хочацца рабіць яшчэ больш і лепш.

Прыносіць карысць людзям, адчуваць сябе важным і патрэбным — вось жыццёвае крэда Любові Мікалаеўны. Усе яе ініцыятывы падтрымліваюць і калегі па камунальнай сферы. Пры ўездзе ў Клепачы высаджаны туі і гартэнзіі, дэкаратыўныя кветкі і кусты. У летні час цэнтральная плошча патанае ў петуніях і касачах — гэта таксама яе ідэі і натхненне.

Галоўнай памочніцай старасты стала Антаніна Іванаўна Швед, тэхработніца прадпрыемства. Вельмі ўлюблёная ў мясцовую флору, яна і «падсадзіла» Любоў Іванаўну на кветкавую тэму, якая ў апошні час стала галоўнай у іх жыцці. Жанчыны заўсёды заняты справай, ужо трэці год запар разам закупляюць насенне, саджанцы кустоў, затым прарошчваюць, пікіруюць, а вясной займаюцца азеляненнем. У іх арсенале з’явіліся дэкаратыўныя віды: «вейгела», «фарзіцыя», «барбарыс», што несумненна станоўча адбіваецца на знешнім абліччы аграгарадка.

Нядзіўна, што з такім энтузіязмам і жаданнем зрабіць свет яшчэ больш утульным і прыгожым, у 2022 годзе Любоў Мікалаеўна названа лепшай старастай Брэсцкай вобласці. Дыплом пераможцы атрымала на падвядзенні вынікаў у Целяханах, а годам пазней рашэннем райвыканкама занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна. Гэта сведчыць толькі пра тое, што чалавек сапраўды на сваім месцы, пастаянна ўдасканальваецца, добра ведае сваю справу, радуецца новым дасягненням і поспехам на карысць роднага пасёлка, які даўным-даўно стаў для яе другім домам, а аднавяскоўцы — членамі адной вялікай сям’і.

Ірына Велясевіч. Фота аўтара