Понедельник, 2 декабря 2024

Прыгожае свята з нагоды Дня жонак-міраносіц адбылося ў Стараволі

397

Падчас канцэрта ў Старавольскім сельскім клубе-бібліятэцы ў чарговы раз упэўнілася: нельга падзяляць мастацтва на «высокае» і «нізкае». Яно або ёсць, або няма. І поўная зала гледачоў у невялічкім вясковым клубе, якія з удзячнасцю сустракаюць кожнае выступленне, усміхаюцца, выціраюць слёзы, шчыра апладзіруюць, часам значыць не менш, чым аншлаг у модным сталічным тэатры.

Падставай для мерапрыемства, арганізаванага праваслаўным прыходам Свята-Мікалаеўскага храма ў в. Засімавічы, стаў Дзень жонак-міраносіц, які ўваходзіць у цыкл Велікодных святаў і адзначаецца праваслаўнай царквой як жаночы дзень. Таму гучала шмат прысвячэнняў менавіта жанчынам, якія, як і жонкі-міраносіцы, што ў старажытныя часы крочылі за Хрыстом і яго паплечнікамі, захоўваюць у сваёй душы Божыя запаветы. Услаўлялі маці, якія даюць пачатак новаму жыццю, гадуюць, выхоўваюць… Акрэслівалі вобраз сучаснай жанчыны, якая, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і спакусы, захоўвае храм у душы.

Пра ўсё гэта казалі і вядучыя — настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы іерэй Сергій Сямёнаў і рэгент Марына Навумчык, і ўсе выступоўцы. А павіншаваць прыхаджан Засімавіцкага храма з‘ехаліся госці ў літаральным сэнсе «з усіх розных абласцей». Са сцэны гучалі не толькі душэўныя словы, але і цудоўныя мелодыі.

Настаяцеля Крыжаўзвіжанскага храма ў Аранчыцах айца Аляксандра Мялешку і створаны ім пры нядзельнай школе гурт «Дабравест» добра ведаюць жыхары Ліноўскага сельсавета. Святар не развітваецца з гітарай, упэўнена адчувае сябе на сцэне і здольны казаць пра духоўнае не толькі падчас царкоўнай пропаведзі, але і праз музыку і спевы. Выдатна дапамагаюць яму ў гэтым спявачкі з «Дабравеста». Прыгожым дапаўненнем да іх пранікнёных спеваў стала песня «Жонкам-міраносіцам» у выкананні рэгента пружанскага Свята-Аляксандра-Неўскага храма Таццяны Літвіновіч.

Горача віталі і ніяк не хацелі адпускаць са сцэны і яшчэ аднаго спяваючага святара. Госцем імпрэзы стаў іерэй Леанід Чарняеў з Лідскага раёна суседняй Гродзеншчыны. У яго выкананні таксама гучалі песні не толькі духоўнай тэматыкі. Але хіба гэта не ступень духоўнасці: прызнанне ў каханні да жанчыны, у любві да роднай Беларусі, песні аб Вялікай Перамозе? І зала падпявала: «Год 41-й, начало июня, все ещё живы…»

— Чым чысцей наша сэрца, чым больш мы хочам жыць з Богам, тым больш адчувальнай становіцца дапамога анёла-ахоўніка, — зыходзячы з уласнага вопыту, расказваў айцец Леанід. І спяваў пра Праабражэнне. У першую чаргу, праабражэнне душы, якога можа дасягнуць кожны, хто імкнецца змяніць свой унутраны свет, адысці ад уласнага эгаізму і толькі тады адчуць Міласць Божую.

Сугучна з песнямі гучалі вершы іерэя Сергія Худзяева, настаяцеля Свята-Мікалаеўскага храма ў в. Смаляніца. Недзе крышачку жартоўна, недзе з душэўным надломам, але гэта быў сапраўдны роздум аб сваім месцы ў жыцці, аб веры, аб душы. З вершамі пра мам выходзілі на сцэну дзеткі.

А завяршыўся канцэрт спевамі «Многая лета» для ўсіх прысутных.

Для мяне дзве гадзіны праляцелі незаўважна. А для іншых?

— Проста перапаўняюць эмоцыі, — кажа пенсіянерка Алена Бармута. — На душы так цудоўна, я і плакала, і радавалася. І яшчэ хачу сказаць: слава Богу, што ў нас такі святар, як айцец Сергій. Імкнецца нас падтрымаць, кожнае яго слова кладзецца на душу…

— Мы прыехалі ў Стараволю на веласіпедах з Шарашэва, каб далучыцца да гэтага цудоўнага свята, — кажуць пенсіянеркі Раіса Бульчук і Алена Сайко. — А гэта ўсё ж 10 кіламетраў. Але ні на секунду не пашкадавалі.

Са словамі падзякі ад усіх гледачоў да выступоўцаў і арганізатараў звярнулася жыхарка Стараволі Марыя Пацапня.

— Напэўна, мы ўсе сёння ўзбагаціліся душэўна і духоўна, — лічыць яна. — Сустрэча адбылася казачна цудоўнай! Была яна не першай, але ў такім фармаце — упершыню. Спадзяёмся на працяг.

Айцец Сергій у адказ толькі таямніча ўсміхаецца: хто ведае, магчыма ў іх ужо ёсць чарговыя задумкі.

Ірына Сядова.

Фота аўтара і Андрэя Мартынюка