Вторник, 14 января 2025

Прыгожае свята для шчырых працаўнікоў: ААТ «Агра-Калядзічы» ўрачыста адзначыла сваё 75-годдзе

539

Былі запальныя і вельмі прыгожыя танцы. Гучалі непаўторныя і мілагучныя песні пра Беларусь сінявокую і бацькоўскі дом. А для каго, спытаеце вы, было наладжана такое шыкоўнае свята? Усё для іх, самых працавітых і адказных людзей, якія клапоцяцца пра родную зямельку, упрыгожваюць яе сваёй працай, вырашаюць самыя складаныя задачы ў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Размова ў дадзеным выпадку пра сельскіх працаўнікоў ААТ «Агра-Калядзічы», якія ў мінулую суботу сабраліся ў гарадскім Палацы культуры, каб адзначыць 75-годдзе роднай гаспадаркі. І адсвяткавалі, хочацца сказаць, з размахам, не шкадуючы ўсмешак і апладысментаў у адрас віноўнікаў урачыстасці. Нават кнігу надрукавалі пра сваё сельгаставарыства, каб засталася памяць для нашчадкаў: мы былі, ёсць і будзем!

На пачатку свята і гасцей, і хлебаробаў сельгаставарыства з’яднаў у адзінае цэлае, падкрэсліў непарушнасць нашай любімай краіны Дзяржаўны гімн. Песня, якая заўсёды надае ўпэўненасці ў тым, што ў нас усё атрымаецца, бо мы — дружны і працавіты народ.

Пра станаўленне гаспадаркі ўсім прысутным расказаў відэаролік, які на яскравым прыкладзе людзей паказаў штогадовы рост дабрабыту як самога сельгаставарыства, так і яго працаўнікоў. А ганарыцца, сапраўды, ёсць чым: ААТ «Агра-Калядзічы» — лідар па розных сельскагаспадарчых накірунках, не мінала гаспадарка і Дошкі гонару, атрымлівала ў 2017 годзе і Падзячны ліст ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Першым на сцэну для прывітальнага слова падняўся дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Субота, які адзначыў, што сустракаць свята з такім калектывам удвая прыемней, бо людзі ўкладваюць душу ў сельскую гаспадарку. Маладыя не саромеюцца браць прыклад са старэйшага пакалення, якое стараецца перадаць толькі самае карыснае, прывіць павагу і любоў да зямлі. І цяпер асноўная задача для таварыства — з года ў год дамагацца лепшых рэзультатаў. Здароўя, упэўненага погляду ў будучыню жадаў Сяргей Сяргеевіч хлебаробам.

Словы падзякі за шчырую працу калектыў ААТ «Агра-Калядзічы» прымаў і ад старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча. Міхаіл Міхайлавіч падкрэсліў, што ў сельскай гаспадарцы шчыруюць толькі сумленныя і адданыя справе работнікі, і з імі можна будаваць грандыёзныя планы, не баючыся праблем і перашкод на шляху. Нізкі паклон хлебаробам сельгаставарыства, няхай ім заўсёды свеціць пяшчотнае сонейка і мары спраўджваюцца!

Аб тым, што праца аграрыяў — сапраўды самы мірны працэс, накіраваны на павышэнне якасці жыцця, гаварыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў. Праца на зямлі нялёгкая, але вельмі пачэсная, без яе нельга жыць і ствараць, ладзіць дабрабыт, планаваць будучыню.

Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец звярнуў увагу прысутных на той момант, што праца сельскіх працаўнікоў павінна быць заўсёды годна ацэнена, значыць, патрэбна іх усебакова падтрымліваць, што і робіцца ў нашай краіне: будуюцца дамы, развіваецца інфраструктура. Людзі на вёсцы па-за працай таксама хочуць мець усе выгоды для жыцця. Няхай жа хлебаробам ААТ «Агра-Калядзічы» кожны дзень прыносіць асалоду ад зробленага і жаданне жыць і працаваць.

З юбілеем віншаваў, шчасця, радасці жадаў і начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама Сяргей Глушко. Сяргей Аляксандравіч напомніў, што сельгаставарыства — базавая гаспадарка ў вобласці. Таму марку трымаць і надалей! Толькі наперад, ні кроку назад! Паболей узнагарод розных узроўняў! Жыцця бесклапотнага і вясёлкавага!

Палеткі ААТ «Агра-Калядзічы» размяшчаюцца на тэрыторыі двух сельсаветаў: Мокраўскага і Хараўскога. Падзякаваць за плённае ўзаемадзеянне і падтрымку на сцэну падымаліся старшыні сельвыканкамаў Вольга Грышкевіч і Алёна Пстыга.

Божага блаславення ў святой справе вырошчвання хлеба жадаў юбілярам настаяцель храма «Спарыцельніца хлябоў» аграгарадка Харава іерэй Анатоль Кавальскі.

Вельмі прыгожы танец «Поры года» падарылі гаспадарцы работнікі Калядзіцкага сельскага Дома культуры. Як кажуць, з песняй і танцамі па жыцці ісці весялей. Гэта як аддушына ў працы, асалода для душы.

Бралі слова і былыя кіраўнікі ААТ «Агра-Калядзічы» і «Руднікі» Леанід Валадзько, Дзмітрый Бурдук, Святлана Ханавец і Аляксандр Пішч. А ўсе разам пажадалі гаспадарцы працвітання, стабільнасці.

Цёплымі словамі ўспаміналі і тых кіраўнікоў сельгаставарыства, якіх ужо няма з намі: Яўгена Іванавіча Кудзінава і Пятра Сямёнавіча Якімаўца. Гэтыя людзі не толькі працавалі на сумленне і на вынік, яны заўсёды бачылі сваіх людзей, жылі для іх. Вечная ім памяць!

Сённяшняе свята — добрая нагода для таго, каб падзякаваць работнікам гаспадаркі за чэсную і добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы. Кожны аграрый дастойны павагі. Гэта — словы ад выканаўчага дырэктара Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргея Ашмянцава для працаўнікоў ААТ «Агра-Калядзічы».

Сельгаставарыства не толькі славіцца сваімі працоўнымі подзвігамі, яно яшчэ з’яўляецца кузняй кадраў, якая выхавала вядомых у вобласці кіраўнікоў, да якіх мы адносім дырэктара ААТ «Мурава» Пятра Білецкага і былога дырэктара ААТ «Шані-аграпрадукт» Васіля Сароку. Гэтыя людзі — прыклад самаадданай працы на зямлі, сумленнасці ў адносінах да людзей.

Як падкрэсліў старшыня Брэсцкага абласнога прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Саланевіч, у чалавека павінен быць дах над галавой, добрая стабільная зарплата, толькі тады ён адчувае сябе абароненым, патрэбным і не пакінутым сам-насам са сваімі праблемамі. Дык вось, у ААТ «Агра-Калядзічы» гэтая абароненасць — аснова гаспадарчай палітыкі. Менавіта таму на тварах людзей усмешкі, а ў вачах — упэўненасць у заўтрашнім дні. Значыць, і аддача ад працы будзе высокая.

Не засталіся ўбаку ад віншаванняў старшыня Пружанскага раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК Вольга Зубкова і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Сяргей Усік. Вольга Васільеўна і Сяргей Мікалаевіч аднагалосны ў адным: не кожны зможа працаваць на зямлі, гэтая праца патрабуе асаблівых уменняў і навыкаў. Сельгаставарыству вельмі пашанцавала ў дадзеным плане: людзі падабраліся злыя да работы, сумленныя, з адкрытай душой.

Раздзяліў радасць свята з ААТ «Агра-Калядзічы» і Пружанскі малочны камбінат: няхай рэкі малака ніколі не мялеюць!

А колькі грамат і падзячных лістоў было! Стваралася ўражанне, што ўвагай быў ахоплены кожны працаўнік гаспадаркі. А чаму б і не?! Калі чалавек заслугоўвае, значыць, вось табе і ўзнагарода. Прыемна ж яму, што не забылі, ацанілі яго работу! У сваю чаргу, госці таксама не скупіліся на падарункі, якія прымаў дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Субота. Свята ўдалося!

Падчас мерапрыемства было сказана вялікае мноства цёплых слоў у адрас працаўнікоў ААТ «Агра-Калядзічы». Няхай жа яны саграваюць душы шчырых аграрыяў гаспадаркі. Помніце, паважаныя хлебаробы: ваша адвечная праца на зямлі будзе заўсёды ў пашане! Няхай вам заўсёды спрыяе ўдача!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Многа фотаздымкаў са святкавання: https://vk.com/album-23306785_299642809 і https://ok.ru/budni/album/971433248136