Люблю экзотыку. Таму кожны раз, шпацыруючы ўвечары ўздоўж Мухаўца, звяртаю ўвагу на прыгожых хатніх птушак, якія спакойна скубуць траўку на рачным беразе. З-за свайго шыкоўнага апярэння здалёк яны нагадваюць каляровыя – чорныя, белыя, шэрыя, блакітныя, плямістыя — шарыкі, якія павольна скочваюцца па схіле да ракі.
Гэта куры. Але куры асаблівыя, усходнія, таму і знешнасць у іх яркая, і імя гучнае — кахінхіны.

Як патлумачыла іх гаспадыня, гэтую в’етнамскую пароду курэй фермеры цэняць не толькі за прыгажосць, але і за прадукцыйныя якасці, магчымасць атрымаць не толькі яйкі, але і дыетычнае мяса.
— Афарбоўка сапраўды неверагодная! А кураняты, да вашага ведама, яшчэ прыгажэйшыя: белыя ў чорную крапінку, чорныя ў белую (як далмаціны), шэра-блакітныя з рыжым адлівам… Адным словам, прырода шчодра адарыла гэтых птушак колерам. Спачатку яны ўразілі мяне сваёй дэкаратыўнасцю, але потым даказалі, што з’яўляюцца выдатнымі нясушкамі і цалкам апраўдваюць сваё прызначэнне як мясная парода, — распавядае Галіна Міхайлаўна Вярбіцкая.

Што цікава, кахінхіны непераборлівыя ў ежы: калі гаспадару патрэбны яйкі — дастаткова карміць птушак камбікормам і збожжам, а калі мяса — то мяшанкай з макухі, мукі, збожжа і вотруб’я. І зразумела, каля кармушак трэба ў асобным посудзе ставіць жвір для паляпшэння дрэнажу цвёрдых кармоў у страўніках птушак. Дарэчы, вагу куры набіраюць хутка (дарослыя пеўні важаць каля 5 кг, курачкі — да 4 кг).
Асаблівы догляд гэтым усходнім прыгажунам не патрэбны. Дастаткова невялікага куратніка з седалам да 50 см.

— І зусім неабавязкова дадатковае ацяпленне, — кажа жанчына. — Бо ў іх такія шыкоўныя “футры” і ногі ў “боціках”, што куры могуць лёгка пераносіць моцныя маразы. А калі ўсё ж вырашыце зрабіць у куратніку абагрэў, то ўзімку курачкі здзівяць вас добрай яйканоскасцю. Толькі сачыце за тым, каб у памяшканні не было павышанай вільготнасці, гэта можа негатыўна адбіцца на стане пер’яў на лапах.
Але самае цікавае тое, што ў кахінхінаў, насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу, усё-такі “ёсць мазгі”.
— Інтэлект, хай і курыны, адназначна прысутнічае! — сцвярджае гаспадыня. — Іх лёгка прывучыць да простых каманд: есці, шпацыраваць, спаць. Спаць, дарэчы, летам кладуцца пасля 19.00 гадзін, а ўзімку — пасля 17.00. Можа, не ўсе куры такія разумныя, але для кахінхінаў характэрна гарманічнае развіццё: яны прыгожыя ва ўсім!

Галіна Вярбіцкая захапляецца развядзеннем усходніх курэй каля шасці гадоў, і ніякіх нараканняў на сваіх падапечных у яе няма.
— Парода выдатная для пачаткоўцаў! Мінімум увагі ім — і максімум станоўчых эмоцый вам. Прызнацца, я ніколі раней не займалася гаспадаркай, нават агарода ў мяне не было, а як пайшла на пенсію, захацелася прыгажосці і спакою. І кахінхіны гэта далі: за ўвесь час — ніякіх хвароб ці праблем з імі. Курачкі — добрыя матулі-квактухі, выседжваюць да дваццаці куранят. З-за сваёй цяжкай вагі яны не лётаюць, толькі паважна, як бачыце, ходзяць па траве і, у адрозненне ад звычайных курэй, не раскопваюць зямлю. Праўда, калі вельмі горача, то могуць закапацца пад плотам у цянёчку, — усміхаецца жанчына.

Таксама характэрна, што мірны і спакойны нораў кахінхінаў дазваляе гаспадарам спакойна ўтрымліваць іх побач з іншай жыўнасцю на двары.
— Зараз па суседстве з кахінхінамі ў мяне падрастаюць, у прыватнасці, джэрсійскія гіганты, самыя вялікія куры.
Дарэчы, калі чытачоў “раёнкі” яны зацікавяць, з задавальненнем раскажам і пра гэтую пароду курыных волатаў.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік
