Пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага каледжа ў 2021 годзе Маргарыта Захарка атрымала размеркаванне на працу настаўніцай пачатковых класаў Ружанскай сярэдняй школы. Сама яна родам з Зэльвенскага раёна, і суседняя Ружаншчына ёй добра была знаёма. Таму і падумала, што пашанцавала атрымаць накіраванне зусім блізка ад дому.
І вось мінулі два гады абавязковай адпрацоўкі.
— Сярод маіх аднагрупнікаў многія меркавалі пасля адпрацоўкі звальняцца і вяртацца на сваю радзіму або ўвогуле мяняць від дзейнасці, — прызнаецца дзяўчына. — Магчыма, і мой лёс склаўся б такім чынам, каб мне не пашанцавала ў чарговы раз.
Дзякуючы атмасферы аднадумства і душэўнасці, што пануе ў Ружанскай школе, пастаяннай падтрымцы калег і вельмі спрыяльным умовам для прафесійнага росту настаўніца вырашыла затрымацца на першым месцы працы, заключыла новы кантракт на пяць гадоў.
Маргарыта Захарка прызнаецца, што яшчэ школьніцай вырашыла пайсці па тым жа прафесійным шляху, што і яе маці.
— Магчыма, у будучым у нас складзецца свая вялікая сямейная дынастыя, — расказвае субяседніца. — Бачыла матулін прыклад, тую павагу, якую яна мае ад вучняў і грамадства ўвогуле. І выбрала прафесію сэрцам і розумам. А цяпер таксама сэрцам і розумам выбрала гарадскі пасёлак Ружаны месцам сваёй працы і жыцця.
Як зазначае настаўніца, нельга сцвярджаць, што які-небудзь населены пункт непрывабны, сумны, адным словам, правінцыйны. Проста тым, хто так гаворыць, не пашанцавала з месцам працы. Калі ж кожны працоўны дзень праходзіць з задавальненнем для душы, то і асяроддзе будзе задавальняць.
— А яшчэ не хачу здраджваць сваім дзецям. Гэта мой першы клас і я хачу выпусціць іх з пачатковай у сярэднюю школу, сэрцам і розумам навучыўшы ўсяму патрэбнаму для далейшай вучобы.
А каб прафесійнай падрыхтоўкі хапала, Маргарыта Іванаўна вырашыла вучыцца завочна, стала студэнткай Брэсцкага педуніверсітэта імя А.С. Пушкіна. І зноў жа сэрцам і розумам выбрала факультэт пачатковых класаў.
Алег Сідарэнка