Четверг, 25 апреля 2024

Прыемны сюрпрыз зладзілі для жанчын-вадзіцеляў у Пружанах напярэдадні 8 Сакавіка

373

Сустрэча з інспектарам ДАІ можа быць прыемнай. Якраз гэта не першы год даказвае акцыя, якую напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ладзіць у Пружанах Беларускі саюз жанчын. Сёлета да яе далучылася і раённая арганізацыя ГА «БРСМ».

І галоўнае тут — эфект нечаканасці! Жанчыны-вадзіцелі, якія бліжэй да завяршэння працоўнага перадсвяточнага дня, 7 сакавіка, рухаліся па вуліцы Савецкай, не чакалі сустрэчы з патрулём ДАІ. Хаця пасля многія з іх прызнаваліся: да праверкі наяўнасці вадзіцельскага пасведчання прызвычаіліся. Сапраўдны ж сюрпрыз быў яшчэ толькі наперадзе. А гэта віншаванне ад арганізатараў акцыі з уручэннем кветак і святочных паштовак.

Чаго жадалі жанчынам? Добрага настрою і сонейка, моцнага здароўя і любові, падарункаў ад любімых мужчын і сустрэч з ДАІ толькі па такіх прыемных нагодах.

Менавіта так і адбылося ў Ангеліны. Вадзіцельскі стаж дзяўчыны — усяго два гады і, як расказала, спынілі яе аўто ўвогуле ўпершыню. Разам з вадзіцелем віншаванні і кветкі атрымала і пасажыр — яе бабуля Алена, якая акурат напярэдадні свята прыехала да ўнучкі з Літвы.

Прыемныя эмоцыі падарыла акцыя таксама Ірыне і Галіне. Вадзіцель і пасажыр, у дадзеным выпадку — калегі, вярталіся з працы, дзе ўжо прымалі віншаванні ад кіраўніцтва. Пра падарункі і сюрпрызы толькі размаўлялі — а тут яны якраз і знайшлі жанчын!

— Больш за ўсё на 8 Сакавіка, канечне, чакаем кветак! Дзякуй за такую крэатыўную акцыю! — у адзін голас гаварылі пружанкі, кожная з якіх за рулём ужо амаль па 10 гадоў.

Якраз па кветкі і падарункі ў цэнтр ехала і пружанка Аксана, добрасумленны вадзіцель: за два гады парушэнняў не было. Пра такое віншаванне ад БСЖ, БРСМ і ДАІ, адзначыла дзяўчына, абавязкова раскажа родным і блізкім.

Па словах старшыні праўлення раённай арганізацыі «Беларускага саюза жанчын» Наталлі Чарэшка, акцыя, падчас якой інспектары ДАІ ладзяць вось такі прыемны прыпынак, заўсёды выклікае толькі станоўчыя эмоцыі як ва ўдзельнікаў, так і ў арганізатараў. Пацвердзіла гэта і галоўны бухгалтар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Кацярына Місюля. Гэта значыць толькі адно: акцыя будзе працягнута праз год. Магчыма, ужо з нейкай прыгожай назвай і з яшчэ большай колькасцю тых, хто напярэдадні 8 Сакавіка жадае павіншаваць жанчын-вадзіцеляў і проста сказаць ім, што яны — самыя лепшыя!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацырыны Масік

Больш фотаздымкаў глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_301896875 і https://ok.ru/budni/album/976135896968