Вторник, 5 ноября 2024

Пружаны vs Ліда: таварыскія хакейныя матчы адбыліся ў Лядовым палацы

552

Чым можна было заняцца ў апошнія выхадныя спякотнага лета? Напрыклад, схадзіць у Лядовы палац, дзе прайшлі таварыскія матчы па хакеі з шайбай. Нашы юныя хакеісты прымалі гасцей з Ліды. І, паверце, баталіі аказаліся не менш гарачымі, чым надвор’е за сценамі лядовай арэны.

Удзел у матчах узялі зборныя дзяцей 2011 і 2014 гадоў нараджэння.

Як адзначыў у гутарцы трэнер-выкладчык каманды Ліда-2014 Валянцін Лаўшук (на здымку), гульцам у такім узросце любы матч прыносіць нейкую карысць.

— Я ўжо паспеў гэта заўважыць і ацаніць на ўласным вопыце, няхай і працую трэнерам крыху больш за два гады. На трэніроўках хоць мы і ладзім гульні, але яны праходзяць паміж сабой. А падчас такіх таварыскіх сустрэч, калі на лёд выходзяць суддзі, незнаёмыя сапернікі, на трыбунах падбадзёрваюць гульцоў балельшчыкі, дзеці трапляюць у зусім іншае становішча. Яны засвойваюць пэўныя элементы, якія мы нават пакуль не рабілі на трэніроўках, самі пачынаюць нечаму вучыцца. З пружанскімі хакеістамі мы ўжо сустракаліся на турнірах, магу сказаць, што яны моцныя сапернікі.

Зборныя правялі чатыры матчы, па два ў кожнай узроставай групе. У малодшай падлік забітых шайбаў не вёўся, бо дзеці пакуль толькі вучацца гуляць, адаптуюцца і рыхтуюцца да будучых сур’ёзных матчаў.

А вынікі двух матчаў зборных дзяцей 2011 года нараджэння наступныя: 2:13 і 1:13 на карысць гаспадароў лёду. Пружанцы малайцы!

Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара