Понедельник, 2 декабря 2024

Пружаны с неофициальным визитом посетил Посол Румынии Виорел Мошану

1 134

Вечар пятніцы азнаменаваўся не зусім ардынарнай падзеяй: праз наш раён “інкогніта” вандравалі важныя асобы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віарэл Машану разам са сваёй жонкай.  У Пружанах іх пільную ўвагу прыцягнула іншая “знакамітасць” – наша архітэктурная жамчужына – Палацык, з якім іх азнаёміў дырэктар музея Юрый Зялевіч. Аднак высокі госць  аказаўся не супраць пагутарыць і з журналістам «раёнкі».

20161202_4004

—Цікава, што стала прычынай Вашага візіту на Пружаншчыну?

– У пасольстве ў нас атрымаліся маленькія, пяцідзённыя «канікулы» ў сувязі з тым, што 30 лістапада мы святкуем дзень святога апостала Андрэя, апекуна праваслаўнай Румыніі, а 1 снежня адзначаем сваё нацыянальнае свята. У вольныя ад працы дні мы з жонкай  вырашылі адпачыць і наведаць знакамітую на ўвесь свет Белавежскую пушчу. На шляху да яе трапілі ў ваш горад.

У цэлым мы любім падарожнічаць па Беларусі і адкрываць для сябе новыя мясціны. Гэта выдатная краіна з добрымі і адкрытымі людзьмі. Мы тут ужо год, за гэты час набылі шмат сяброў.

Наогул, без знаёмства з краінай знаходжання, яе людзьмі і гісторыяй немагчыма наладзіць работу дыпламата. Для напісання «агульнага партрэта» краіны мне неабходна наведваць адметныя месцы, ведаць пра значных гістарычных асоб.

– Так, я заўважыла, што падчас экскурсіі Вы прадэманстравалі не проста цікавасць, але і глыбокія веды гісторыі. Але няўжо гэта толькі праява прафесіі?

– Мой бацька – гісторык, які раскрыў мне шчодрасць і багацце гэтай навукі. Я выдатна разумею, што яе «тытульную старонку» пішуць  правіцелі і пераможцы, і кожны прыўносіць свае інтэрпрэтацыі. Але ўсё ж нетры гэтай навукі прыцягваюць мноствам нераскрытых таямніц. Мне цікава пазнаваць і супастаўляць новыя факты з невядомых раней крыніц, якія дазваляюць разглядаць адны і тыя ж падзеі пад рознымі вугламі – непрадузята.

img_2956_novyj-razmer

– А як Вам нашы славутыя мясціны, спадар пасол? Прашу падзяліцца першымі ўражаннямі аб Пружаншчыне.

– Я проста здзіўлены такой колькасці славутасцяў у маленькім горадзе. І рады знаёмству з людзьмі, улюбёнымі ў гісторыю свайго горада, якія цэняць усё тое, што папярэднія пакаленні змаглі аднавіць і захаваць. Гэта вельмі важна.

У цэлым, падарожнічаючы па Беларусі, адзначыў для сябе вельмі шмат падабенства ў архітэктуры беларускіх «барочных» храмаў з уніяцкімі храмамі румынскай Трансільваніі і Украіны, дзе да Беларусі працаваў на дыпламатычнай ніве. А сёння ў дадатак  даведаўся, што ўладальніцай Пружан была Ганна Ягелонка, жонка польскага караля Стэфана Баторыя, венгра па нацыянальнасці, які нарадзіўся ў Трансільваніі. Гэтая сувязь мяне вельмі ўсхвалявала.

—Заўважу, што Вы вельмі добра размаўляеце па-руску, нават практычна без акцэнту. Адкуль такое веданне мовы?

– Не здзіўляйцеся! Я нарадзіўся і вырас у Кішынёве, скончыў савецкую школу. Пазней з’ехаў у Румынію і атрымаў румынскае грамадзянства, а бацькі засталіся жыць у Малдове. Я добра разумею і па-ўкраінску, дзе давялося працаваць, а цяпер паволі  асвойваю і беларускую мову.

img_2958_novyj-razmer

– Дзякуй вялікі за такую павагу да нашай краіны! І напрыканцы, шаноўны спадар пасол, што Вы пажадаеце нашым чытачам?

– Пружанцы, у вас ёсць чым ганарыцца! Аднаўляйце,  па магчымасці рэстаўруйце свае помнікі і пускайце іх у турыстычны абарот.

Тут неабавязкова быць меркантыльным. Турыстычная спадчына не заўсёды прыносіць грошы, не кожная ваша сядзіба зможа стаць другім Нясвіжскім ці Мірскім замкам. Але вы абавязаны захаваць для нашчадкаў гэтыя маленькія святыні, дзе здзяйсняліся подзвігі, дзе нараджалася вялікая цывілізацыя. Тут жылі людзі, якія праславіліся на ўсю Еўропу – шануйце гэта. Ганарыцеся сваёй зямлёй і сваёй спадчынай.

Напярэдадні Калядных і навагодніх святаў жадаю ўсім здароўя, радасці і шчасця, а  пружанскай зямлі – міру і працвітання.

На здымку: Віярэл Машану і Юрый Зялевіч.

Гутарыла Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *