6, 7 і 8 чэрвеня ў Пружанах пройдзе культурна-спартыўны фестываль «Вытокi». І, як, напэўна, заўважылі гараджане, наш райцэнтр актыўна рыхтуецца да сустрэчы гасцей з усіх абласцей.

Чысцінёй і парадкам у нас сёння нікога не здзівіш, тым больш што мінулым летам Пружаны ярка адзначалі сваё 590-годдзе. Але прыгажосці мала не бывае — і працягваюцца маштабныя работы па добраўпарадкаванні, горад штодзень змяняецца: на ўездзе гасцей сустракае абноўлены арт-аб’ект «Пружаны», а кветкавае афармленне радуе вока.

Адрамантаваны пешаходны мост у цэнтры горада, на шэрагу вуліц мяняецца пакрыццё (так, многія з гэтых работ планавыя, але ж яны вельмі дарэчы дадаюць зручнасці і ўтульнасці). На сценах будынкаў з‘явіліся і з‘яўляюцца далей новыя муралы (як, напрыклад, выявы зуброў па вул. Савецкай, што вы бачыце на здымку). На вуліцы Інтэрнацыянальнай насупраць Воднага палаца аформлена новая фотазона —арт-аб’ект «Я люблю Пружаны» (дарэчы, вечарам тут уключаецца падсветка).

Азеляніцелі таксама нядрэнна папрацавалі. У прыватнасці, у дадатак да мінулагодніх кампазіцый на гарадскіх клумбах з‘явілася шмат рознакаляровых цюльпанаў. Аднак гатова яшчэ не ўсё. Перад палацыкам — былой сядзібай Швыкоўскіх павінен з’явіцца кветнік, а на тэрыторыі парку высадзяць больш за 170 хваёвых раслін.
— У Пружанах праведзены вялікі аб’ём работ, дзякуючы чаму гарадское асяроддзе стала больш зручным, цікавым і прыгожым. І на дасягнутым спыняцца не плануем. Упэўнены, госці і мясцовыя жыхары па заслугах ацэняць створаныя ўтульнасць і камфорт, — кажа дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук.

А чаго чакаць ад самога фестывалю?
Арганізатары сцвярджаюць: спартыўна-культурны фестываль «Вытокi» — гэта адзіны фестываль у Беларусі, дзе колькасць пераможцаў на квадратны метр проста зашкальвае!
У праграме фестывалю заўсёды былі актыўнасці, у якіх можна праявіць сябе і выйграць прыз! І гэты сезон не выключэнне.

Самая галоўная і маштабная лакацыя фестывалю — Алімпійскі квэст, які будзе праходзіць 8 чэрвеня. Менавіта тут усе жадаючыя могуць паспрабаваць свае сілы ў любым відзе спорту і выйграць свой прыз.
Акрамя гэтага, арганізатары рыхтуюць і іншыя лакацыі, дзе можна выйграць памятныя падарункі і сувеніры. Гэта будуць творчыя, інтэлектуальныя і спартыўныя заданні для дзяцей і дарослых. Усе ўдзельнікі фестывалю стануць пераможцамі!
Фота Кацярыны Масік