
Вясна — час абуджэння не толькі прыроды. Гэта час, калі абнаўляюцца нашы населеныя пункты на карысць і дзеля камфорту кожнага жыхара. Асабліва відавочны прыгожыя змены ў Пружанах, дзе з пачатку сакавіка закіпела праца ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку, ператвараючы горад у квітнеючы аазіс утульнасці і прываблівасці.
Рукамі камунальшчыкаў і неабыякавых гараджан змяніліся многія месцы адпачынку. Гарадскія паркі і скверы вызваліліся ад зімовай стомленасці, атуліўшыся свежай зелянінай і вясновым настроем. Высаджаныя сотні дрэў і кустоў дабавілі зялёнага ўбрання вуліцам, абяцаючы пружанцам і гасцям горада прахалоду ў летнюю спёку.
Адноўлены газоны на вуліцы Рыгора Шырмы, плошчай у чвэрць гектара, дзе свежая трава ўжо радуе вочы сваім сакавітым ізумрудным колерам. А дарожнікі абнавілі вулічна-дарожную сетку, пакрыўшы новым асфальтам вуліцы Мачалава з завулкам, Набярэжную, Міколы Засіма, завулак Гудзімава і вуліцу Казіміра Марача. І, як абяцаюць гарадскія ўлады, працэс асфальтавання гарад-скіх ліній яшчэ не скончаны.
Прывабна дапоўнена аблічча горада праз устаноўку 5 новых і 32 адрамантаваных сметніц, дзякуючы чаму варта спадзявацца на падтрыманне належнага парадку. А яшчэ строгае ўбранне са свежым выглядам нададзена вуліцам горада (Бярозавая, Савецкая, Рыгора Шырмы, Піянерская, Урбановіча, Горына-Каляды, Лазо, Шашэйная) пасля абрэзкі дрэўных насаджэнняў. Безумоўна, нельга абмінуць увагай вяртанне бруення нашым рэкам — Баба, Мухавец і Муха, з расчысткай іх рэчышчаў і берагоў ад расліннага смецця і забруджванняў.
Сапраўды, абнаўленне радуе не толькі дарослых гараджан, прыемныя навіны ёсць і для маленькіх пружанцаў. У прыватнасці, першая ў бягучым годзе новая гульнявая пляцоўка з’явілася ля дома № 2 па вул. Кобрынскай. І гэты забаўляльна-спартыўны комплекс стаў цэнтрам радасці і весялосці для многіх малых.
Як адзначыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Бушук, таксама вядзецца падрыхтоўка да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі. Таму да 9 мая чакаюцца самыя кардынальныя навіны, рэалізацыю некаторых гараджане ўжо могуць убачыць. Яшчэ плануецца афарбоўка ваенных экспанатаў у скверы Гудзімава і вул. Тармасава, рэканструкцыя алеі «Іх імёнамі названы вуліцы», дзе будуць размешчаны таблічкі з QR-кодамі, пасля сканіравання якіх можна атрымаць поўную інфармацыю пра кожнага героя.
— Гэтыя ператварэнні —толькі малая частка той вялікай працы, якая праводзіцца ў Пружанскім раёне. Мы бачым, як з кожным днём горад становіцца прыгажэй і ўтульней, дзякуючы намаганням тых, хто любіць свой край і клапоціцца аб яго росквіце. Варта адзначыць, што работы па добраўпарадкаванні горада не абмяжоўваюцца толькі абнаўленнем дарог, дзіцячых пляцовак і ўборкай лісця. У планах на гэты год уладкаванне новых тратуараў, працяг асфальтавання вуліц, будаўніцтва сетак вулічнага асвятлення, завяршэнне замены свяцільняў на святлодыёдныя, — зазначыў Аляксандр Вячаслававіч.
Усе гэтыя мерапрыемствы накіраваны на стварэнне прывабнага асяроддзя для жыхароў і гасцей горада. Пружаны — гэта наш агульны дом, і мы павінны клапаціцца пра яго разам!
Рэдакцыя газеты «Раённыя будні» заклікае ўсіх пружанцаў актыўна далучацца да добраўпарадкавання, а таксама беражліва ставіцца да вынікаў працы камунальных службаў. Толькі разам зможам зрабіць родны край яшчэ прыгажэйшым, утульным і камфортным для жыцця!
Крысціна Асіпчук. Фота Кацярыны Масік