Міжнародная акцыя памяці «Дзеля славы агульнай Перамогі» праходзіць у Беларусі. Старт ёй быў дадзены яшчэ ў маі мінулага года. На днях да аднаго з важных яе этапаў — збору зямлі з брацкіх пахаванняў — прыступілі і на Пружаншчыне.
Сутнасць акцыі заключаецца ў тым, што на тэрыторыі ўсіх раёнаў з месцаў воінскіх пахаванняў і гібелі мірных жыхароў будзе ўзята зямля. Капсулы з ёй і спісы з імёнамі загінулых сёлета 9 Мая — у Дзень 75-годдзя Вялікай Перамогі — змесцяць у нішы храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Як мяркуецца, тут адкрыецца музей, у якім будзе захавана гістарычная памяць пра кожнага, хто загінуў.
На Пружаншчыне збор зямлі распачалі з брацкай магілы ахвяраў фашызму, якая знаходзіцца на Аранчыцкіх могілках.

Каля магілы адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г.Ляўчук, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Р.В.Супрыновіч, старшыня Ліноўскага сельвыканкама Т.М.Мардань, дырэктар Ліноўскай СШ А.Л.Макарэвіч, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Т.К.Кашкан, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Н.С.Пракаповіч, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Ліноўскае» В.В.Казмярчук.
— Акцыя служыць захаванню гістарычнай памяці пра загінулых і выхаванню павагі да герояў Вялікай Айчыннай вайны, — зазначыў Руслан Супрыновіч у ходзе мітынгу. — Перад намі, нашчадкамі Вялікай Перамогі, стаіць задача сёння, калі робяцца спробы перайначыць факты і перапісаць гісторыю, не даць забыць гістарычную праўду.

Брацкае пахаванне на могілках у Аранчыцах з’явілася ўжо ў пасляваенны час. Сюды былі перавезены астанкі людзей, якія загінулі ў розныя перыяды вайны, пераважна актывісты і падпольшчыкі, мірнае насельніцтва. Работы па высвятленні імёнаў тых, хто назаўсёды знайшоў тут свой апошні прытулак, працягваюцца. Нягледзячы на тое, што на помніку змешчаны прозвішчы і ініцыялы толькі каля дзясятка ахвяраў фашызму: М.П.Васілюк, М.П.Карабан, І.В.Куш, яўрэйская сям’я Манькоўскіх, М.В.Праневіч, А.С.Сілюк, М.З.Чатырбок, М.М.Шостак, Н.А.Шостак — на сённяшні дзень ужо ўстаноўлена каля 40 чалавек, якія там перапахаваны.

Як паведаміла спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Пракаповіч, на тэрыторыі Пружанскага раёна налічваецца 53 пахаванні Вялікай Айчыннай вайны. У рамках акцыі адбудзецца збор зямлі з усіх іх.
Плануецца, што выніковае мерапрыемства пройдзе ў красавіку: апошняя жменя зямлі будзе ўзята з брацкай магілы на гарадскіх могілках. Зямля з усіх пахаванняў будзе змешчана ў адну капсулу і перададзена ў сталіцу.
Варта адзначыць, на Пружаншчыне рэгулярна складаюцца планы па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, праводзіцца іх маніторынг, ажыццяўляецца догляд, збіраюцца звесткі аб падзеях вайны і яе ўдзельніках, выяўляюцца новыя імёны і факты гісторыі.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).