Напярэдадні святкавання 74-й гадавіны Вялікай Перамогі ў раёне прайшоў аўтапрабег па месцах баявой славы і пахаванняў нашых землякоў, якія былі забіты фашысцкімі карнікамі падчас акупацыі ў 1941-44 гадах. У акцыі прынялі ўдзел работнікі сілавых структур, прадстаўнікі ДТСААФ і грамадскіх аб’яднанняў.

Ініцыятарам аўтапрабегу, які праводзіцца ў другі раз, зноў выступілі пружанскія прафсаюзныя арганізацыі. Як расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук, летась аўтапрабег прайшоў па іншым накірунку, а сёлета было вырашана адправіцца ў Шарашэўскую зону.

І нездарма, бо напрыканцы маршруту адбылася сустрэча з удзельнікамі падобнага аўтапрабегу з Камянеччыны. Акрамя таго, была яшчэ адна нагода выбраць менавіта такі накірунак. Напярэдадні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Брэсцкай вобласці па ініцыятыве грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» праводзілася акцыя «75 гераічных месцаў Брэстчыны»: у кожным раёне было выбрана па чатыры памятныя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, адкуль удзельнікі аўтапрабегу ўзялі жмені зямлі. Падчас святкавання Вялікай Перамогі актывісты БРСМ перадалі мяшэчкі з зямлёй у музей Брэсцкай крэпасці.

Удзельнікі аўтапрабегу наведалі памятныя месціны: у аг. Стараволя, помнік у г.п. Шарашэва воінам, якія загінулі на франтах Другой сусветнай вайны, а таксама два пахаванні расстраляных мясцовых жыхароў, адно з якіх размешчана ў в.Купічы. Да кожнага помніка былі ўскладзены вянкі. Да кароткіх мітынгаў нярэдка далучаліся і мясцовыя жыхары, некаторыя з якіх дзяліліся ўспамінамі сваіх родных.

А канцавой кропкай маршруту аўтапрабегу стала масавае пахаванне ў Белавежскай пушчы, дзе гітлераўцы ў 1941 годзе расстралялі мноства жыхароў навакольных вёсак. Усіх, нягледзячы на ўзрост. У памяць аб загінулых і пружанскія ўдзельнікі акцыі, і госці з Камянца, якія сабралі не менш прадстаўнічую дэлегацыю, арганізавалі мітынг-рэквіем, на якім выступілі ветэраны, прафсаюзныя лідары і прадстаўнікі маладзёжных арганізацый. Напрыканцы мітынгу да Вечнага агню былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.