Гэта трэба – не мёртвым, гэта трэба – жывым… Пранікнёны і вельмі трапны радок з верша Роберта Раждзественскага як ніколі падыходзіць да нашага часу. Свет пачаў забываць жахі мінулай вайны, а значыць, яна можа паўтарыцца, у паветры ўжо адчуваецца пах пораху…
22 чэрвеня ў Беларусі — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Напярэдадні з неба сыпаў падобны на восеньскі халодны дождж, дзьмуў пранізлівы вецер, які спрабаваў загасіць полымя Вечнага агню каля помніка «Спаленым вёскам» у Пружанах. Нягледзячы на непагадзь, тут сабраліся жыхары горада, прадстаўнікі ўлады, каб аддаць даніну павагі загінулым у гады ваеннага ліхалецця, калі фашысты спрабавалі скарыць наш народ, большасць яго знішчыць, астатніх ператварыць у рабоў. Але гэта ў іх не атрымалася. Мы перамаглі.
Каля помніка «Спаленым вёскам» прайшоў жалобны мітынг з тэатралізаванай кампазіцыяй, якая на некаторы час перанесла нас у дні пачатку вайны.
З сардэчнымі словамі любові адзін да аднаго, да Бога, які справядлівы, з заклікам не паўтарыць тое злачынства, якое прышло на нашу зямлю 81 год назад, да прысутных звярнуўся протаіерэй Ігар Мрыхін.
Была мінута маўчання ў памяць аб загінулых. Трапяткія агеньчыкі лампадак запаліліся ўначы, нібыта сэрцы тых, хто аддаў жыццё за нашае мірнае сёння і заўтра. На гранітную пліту помніка разам з тымі, хто не пабаяўся непагадзі, знайшоў час, каб прыйсці на гэтае святое месца, свае лампадкі паставілі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Усё гэта — даніна памяці нашым продкам, якія загінулі, каб мы жылі. А 22 чэрвеня ў гэтым жа месцы пружанцы далучыліся да Усебеларускай мінуты маўчання.
З дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны мінула не адно дзесяцігоддзе. Здаецца, гэта было вельмі даўно, але для гісторыі — зусім невялікі тэрмін. Ад нас залежыць, ці зможам мы зберагчы мір. Ажыццявіць гэта магчыма толькі разам. У нас ёсць памяць, ёсць любоў да Радзімы і гонар за яе. Гэта трэба жывым!
Віктар Ільюшчанка, фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства тут: https://vk.com/album-23306785_284651056