Як адміністрацыйная адзінка Рэспублікі Беларусь, Пружаншчына мяжуе з шэрагам гмін Польшчы, з якімі ў нашага рэгіёна склаліся даўнія сяброўскія сувязі. Найбольш цеснае супрацоўніцтва наладжана з Гайнаўскім паветам, дэлегацыя з якога днямі наведала Пружаны. У яе склад увайшлі бурмістр г.Гайнаўка Ежы Сірак і прадстаўнікі яго адміністрацыі. Мэта візіту — падпісанне пагаднення аб наладжванні далейшых кантактаў паміж Пружанскім раёнам і Гайнаўскім паветам.
Ці можна жыць у адзіноце? Як зазначыў старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісун, у сучасных рэаліях усё магчыма. Аднак у такім выпадку нельга гаварыць пра далейшае развіццё. Культурнае, спартыўнае, адукацыйнае ці іншае. Таму Юрый Юр’евіч падчас сустрэчы з польскімі калегамі выказаў зацікаўленасць ва ўмацаванні наладжанага падчас шматгадовых кантактаў супрацоўніцтва.
— У нас шмат аднолькавых інтарэсаў, тым больш, што геаграфічна мы проста абавязаны падтрымліваць добрасуседскія сувязі,— падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Яго словы падтрымаў і пан Сірак, які на працягу сваёй дзейнасці ывае на Пружан-шчыне і бачыць таксама і сваю заслугу ў тым, што за перыяд шматгадовага супрацоўніцтва дасягнуты станоўчыя вынікі. У агульнай скарбонцы нямала сумесна рэалізаваных праектаў, пра якія не адзін раз расказвала «раёнка». Ёсць і такія, што рэалізуюцца зараз. Але патэнцыял пакуль невычэрпны.
Менавіта гэта і паслужыла падставай для заключэння двухбаковага пагаднення. Яно ўяўляе сабой маштабны дакумент, падмурак, на якім у будучым можна будзе будаваць сумесныя планы. У прыватнасці, у сферы адукацыі, дзе літаральна ў бліжэйшыя часы можна будзе распрацаваць даволі сур’ёзныя праекты, абмеркаванне якіх таксама адбылося падчас сустрэчы.
Зыходзячы з агульных інтарэсаў і дасягнутых дамоўленасцей, гайнаўскі і пружанскі бакі ўзгаднілі планы па складанні сумеснага календара далейшых кантактаў. А таксама дамовіліся на гэтай падставе разам вырашаць пытанні з афармленнем віз для спартыўных і культурных дэлегацый.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).