Пятница, 18 апреля 2025

Пружаны адзначылі Дзень вызвалення раёна і 591-ы дзень нараджэння горада святочным канцэртам, зумбай і дыскатэкай (+фота)

681

Утульныя вуліцы і дамы, звонкія дзіцячыя галасы ў парку, на сучаснай гульнёвай пляцоўцы, велічны Пружанскі палацык і мноства кветак навокал. А галоўнае — шчаслівыя людзі, якія вечарам 17 ліпеня рушылі ў цэнтр Пружан, каб разам святкаваць 80-годдзе вызвалення раёна і 591-ы дзень нараджэння райцэнтра. Усё гэта бачыў вакол, калі ішоў вечарам у сераду на Савецкую. Ішоў і думаў: калі б не тыя ліпеньскія дні 1944-га, не мужнасць і адвага воінаў, іх стойкасць і ўпартасць, наўрад ці сёння мы б жылі ў такім прыгожым і ўтульным горадзе, у такой цудоўнай і мірнай краіне.

Пацвердзіў мае думкі і канцэрт «Са святам, горад родны!» Арганізатары знарок вырашылі правесці яго ў вячэрні час. Па-першае, каб спала спякота. Па-другое, каб у працоўны дзень як мага больш жыхароў і гасцей Пружан змаглі трапіць на цэнтральную плошчу і стаць удзельнікамі трохгадзіннай праграмы. Канечне, святкаванне 591-га дня нараджэння Пружан было не настолькі маштабным, як леташнія юбілейныя мерапрыемствы. Аднак яно вызначылася цеплынёй, душэўнасцю.

Адкрыў святочную праграму народны эстрадны аркестр «Біг-Бэнд» (дырыжор — Сяргей Більшэвіч). Інструментальныя кампазіцыі змяняліся выступленнямі салісткі аркестра Вольгі Якімавай. Са сцэны гучалі «Верни мне музыку», «Лесное озеро», «Skyfall» і многія іншыя вядомыя і любімыя кампазіцыі. Пад іх гараджане і госці райцэнтра з задавальненнем танцавалі, усміхаліся, рабілі фота і відэа.

Апладысменты і мноства эмоцый выклікала і выступленне народнага вакальнага гурта «МакSимум» пад кіраўніцтвам Аляксандра Котава. Кацярына Кукса, Аляксандра Бармута і сам Аляксандр Котаў падарылі гасцям свята хіты, што на слыху не ў аднаго пакалення.

Пра важнасць і значнасць Дня вызвалення Пружаншчыны і дзень нараджэння роднага горада нагадвала ўсім вядучая Ганна Жук, якая… сама 17 ліпеня адзначала дзень нараджэння! Зразумела, не абышлося без віншаванняў Ганны прама на сцэне. Мы ж таксама далучаемся і зычым новых творчых ідэй і іх яркага ўвасаблення ў жыццё на радасць пружанцам!

Ну, і якое свята без танцаў? Дакладней, без зумбы! Танцавальная частка праграмы стартавала з адкрытага класа ад удзельнікаў аднайменнага клуба і танцавальнага калектыву Ліноўскага СДК «Нічога лішняга». Станцаваць рэгетон, кізомбу, бачату, сальсу і не толькі ўсе жадаючыя змаглі з яркімі ў прамым сэнсе слова дзяўчатамі і іх кіраўніком Вольгай Ільіч. Адразу пасля адкрытага класа яна падзяліліся з намі эмоцыямі.

— Вялікі дзякуй пружанцам! Здаецца, мы зарадзілі іх, а яны — нас. Ідэя паўдзельнічаць у Дні горада паступіла ад кіраўніцтва Палаца культуры. Справа ў тым, што дзяўчат і мяне ўжо можна было ўбачыць на гарадскіх мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі і Дня Незалежнасці ў мінулым годзе. Было мноства станоўчых водгукаў тады, таму і было прынята рашэнне зноў парадаваць пружанцаў, — сказала Вольга.

Дарэчы, заняткі клуба праходзяць на базе Палаца культуры, а зараз, у гарачы сезон, проста ў гарадскім парку, побач з палацыкам. Двойчы на тыдзень Вольга і яе каманда танцуюць зумбу, яшчэ двойчы — бачату. Далучыцца да яркіх дзяўчат можаце і вы, для гэтага дастаткова знайсці Вольгу Ільіч у Instagram і звязацца з ёй.

А на сцэне тым часам пачалі гучаць не менш запальныя маладзёжныя хіты. Але гэта зусім не абазначае, што мамы і таты, бабулі і дзядулі стаялі ўбаку. Сапраўды, падчас дыскатэкі, якая стала выдатным завяршэннем Дня горада, было цяжка ўсядзець ці ўстаяць на месцы, хацелася рухацца і танцаваць!

Вось такога руху, прычым толькі ў накірунку развіцця і пастаяннага ўдасканалення, хочацца пажадаць нашаму гораду і раёну. Няхай Пружаншчыну ведаюць не толькі ў Беларусі, і няхай нашы жыхары будуць заўсёды шчаслівымі!

Уладзіслаў Шпарла

Фота Кацярыны Масік

Многа фота з канцэрта: https://vk.com/album-23306785_303428969 і https://ok.ru/budni/album/981167775368