Суббота, 8 февраля 2025

Пружанскую кераміку можна было ўбачыць на ВДНГ у Маскве!

508

З 11 па 29 студзеня 2024 года ў павільёне «Рэспубліка Беларусь» у буйнейшым экспазіцыйным, музейным і рэкрэацыйным комплексе ў свеце «Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі» ў Маскве ў рамках міжнароднай выставы-форуму «Расія» прайшлі Дні Брэсцкай вобласці. Менавіта Брэстчыне выпаў гонар першай пачаць серыю беларускіх рэгіянальных прэзентацый.

Экспазіцыю наведалі шэраг прадстаўнікоў кіраўніцтва Расіі і Беларусі, Саюзнай дзяржавы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, міжнародных арганізацый і іншыя. Сярод гасцей таксама былі кіраўнікі расійскіх і беларускіх рэгіёнаў, прадстаўнікі пасольстваў розных краін, прадпрыемстваў і арганізацый, дзеячы культуры і мастацтва, жыхары і госці расійскай сталіцы.

На выставе можна было пазнаёміцца са стэндамі і асобнымі эк-спазіцыямі, прысвечанымі вядомым брэндам — нацыянальнаму парку «Белавежская пушча», мемарыяльнаму комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», свабоднай эканамічнай зоне «Брэст», Брэсцкаму навукова-тэхналагічнаму парку і інш.

Асаблівае месца ў брэсцкім павільёне было адведзена прэзентацыі культурнага патэнцыялу вобласці, у тым ліку дзейнасці майстроў народнай творчасці. Сярод тых, каму выпаў гонар пазнаёміць шырокую публіку са сваімі работамі, быў пружанец Віталь Раманоўскі — мастак-кераміст, кіраўнік ганчарнай майстэрні «Бацькаўшчына» гарадскога Палаца культуры. Ён прадставіў свае мастацкія творы і работы калегі — кіраўніка ганчарнай майстэрні «Гліняныя цапстрыкі» Генадзя Міранюка.

Трэба адзначыць, што пружанская кераміка вярнулася ў экспазіцыю ВДНГ больш чым праз 40 гадоў з яе першага прадстаўлення славутым ганчаром Антонам Такарэўскім. У канцы 1970-х гадоў масквічы і іншыя наведвальнікі ўпершыню пазнаёміліся з чорназадымленай керамікай — сімвалам Пружаншчыны.

Сучасных гасцей брэсцкага павільёна таксама зацікавіла пружанская ганчарная справа. Шматлікія госці спыняліся каля работ ганчароў-землякоў, цікавіліся не толькі эстэтычным выглядам іх работ, але і тэхналогіяй падрыхтоўкі гліны да работы, сакрэтамі абпальвання, выкарыстаннем глінянага посуду ў побыце. Жадаючыя маглі атрымаць навыкі працы з глінай на майстар-класах, а таксама набыць прыгожыя творы пружанскіх ганчароў.

Вольга Гардзейчык