Хаця афіцыйна дзень стварэння аддзела ўнутраных спраў у Пружанах адзначаецца 2 лістапада, калі ў 1939 годзе быў падпісаны Загад НКУС СССР аб стварэнні Пружанскага павятовага аддзела міліцыі, на самай справе, работа па арганізацыі органаў правапарадку пачалася адразу з моманту далучэння нашага рэгіёна да БССР. Спачатку гэта была дружына, якая ўзяла на сябе барацьбу са злачынным элементам у час безуладдзя. Начальнікам народнага органа правапарадку стаў Аляксандр Пятровіч Ільяшук з в.Куплін. Потым працоўная гвардыя паступова была перафармаціравана ў спецыяльную службу з аператыўным саставам з падрыхтаваных работнікаў.
Наваствораны райаддзел міліцыі заняў будынак, дзе раней знаходзілася польская паліцыя — на вуліцы Пацэвіча (зараз вул.Савецкая, 15). Пасля ліквідацыі паветаў з пачатку 1940 года аддзел пераўтварыўся ў Пружанскае аддзяленне рабоча-сялянскай міліцыі, якое ўзначаліў сяржант Сямён Андрэевіч Падарожны.
Гады Вялікай Айчыннай вайны
Калі да горада наблізіліся нямецкія танкі, то ўвесь асабовы састаў райаддзела далучыўся да часцей Чырвонай арміі, з якімі міліцыянеры з баямі адступалі да Мінска. На гэтым шляху многія загінулі, некаторыя зніклі без вестак. У гады акупацыі частка супрацоўнікаў актыўна ваявала з ворагам у партызанскіх атрадах, удзельнічала ў падпольнай рабоце. Аднаму з герояў — Сяргею Аркадзьевічу Хвашчэўскаму — у сучасным будынку райаддзела міліцыі адкрыта мемарыяльная дошка. Усяго ў вогненнай віхуры, згодна з дакладнымі звесткамі, свае галовы склалі 13 пружанскіх міліцыянераў.
Пасляваеннае аднаўленне і савецкі час
У першыя дні вызвалення неабходна было побач з аднаўленнем эканомікі раёна прымаць і меры па ўстанаўленні законнасці і парадку. Таму адразу была адноўлена работа райаддзялення міліцыі, якое ўзначаліў П.Ц.Варонін. Асабовы састаў камплектаваўся з франтавікоў і ўдзельнікаў партызанскага руху. Гэта адыграла вялікую ролю ў ліквідацыі банд, выяўленні і прыцягненні да адказнасці здраднікаў Радзімы. Таксама міліцыянеры займаліся крымінальным вышукам, змагаліся з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці.
Пасля аб’яднання Пружанскага, Шарашоўскага і Ружанскага раёнаў аддзяленне атрымала «павышэнне» да аддзела, які пераехаў у будынак па вул.Савецкай, 36.
Дакладна наладжаная работа дазволіла ў хуткія тэрміны ўзяць абстаноўку пад кантроль і захоўваць яго на працягу доўгага перыяду. Неаднаразова Пружанскі райаддзел прызнаваўся лепшым у вобласці, атрымліваў пераходны Чырвоны сцяг, перамагаў у галіновых спаборніцтвах, за што ўзнагароджваўся пераходным прызам імя С.І.Сікорскага. А з 1986 года ўзнагародны Чырвоны сцяг (які можна ўбачыць у адкрытым у будынку міліцыі музеі) застаўся ў РАУС навечна.
Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, то амаль усе пружанскія міліцыянеры прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы: на працягу двух гадоў у спецыяльнай камандзіроўцы пабывала больш за 50 супрацоўнікаў.
Сучаснасць
Змяненне палітычнай абстаноўкі і набыццё Беларуссю незалежнасці ўнесла карэктывы ў работу пружанскай міліцыі. Са зменай прыярытэтаў многае ўсё-такі засталося з былых напрацовак: таксама неабходна было забяспечваць парадак і законнасць, сачыць за захаванасцю дзяржмаёмасці.
З 1996 года міліцыю ўзначаліў А.С.Лагодзіч, пад кіраўніцтвам якога аддзел унутраных спраў прызнаваўся лепшым па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за 2001 і 2002 гады. У 2007 годзе ўрачыста была здадзена ў эксплуатацыю прыбудова, а дакладней, новы будынак міліцыі. Пасля Анатоля Сцяпанавіча начальнікамі РАУС былі М.М.Папко, Д.Г.Няхаеў, С.А.Марковіч. А ў 2015 го-дзе райаддзелам стаў кіраваць А.В.Гук.
Як зазначае начальнік райаддзела міліцыі палкоўнік А.В.Гук, сёння спектр задач, якія стаяць перад праваахоўнікамі, вельмі шырокі. Зразумела, што ўсе ранейшыя функцыі таксама засталіся «ў выкарыстанні». Але было адзначана, што лягчэй злачынства папярэдзіць, чым ліквідаваць яго наступствы. Таму асноўная ўвага сучасных міліцыянераў скіравана менавіта на прафілактычную работу.
— Для таго, каб паспяхова папярэджваць парушэнні правапарадку, неабходна дакладна аналізаваць кры-мінагенную сітуацыю, адсочваць усе працэсы, якія ідуць у грамадстве,— сцвярджае Аляксандр Васільевіч.— Заклікам часу мы павінны адпавядаць прафесійна, а часам нават апераджаць у сваіх магчымасцях, паказваць прынцыповасць і высокую маральную ўстойлівасць. І побач з тым, захоўваць чалавечнасць і ветлівасць.
У наш час злачыннасць выкарыстоўвае лічбавыя тэхналогіі, часцей парушэнні адбываюцца ў віртуальнай прасторы, але, тым не менш, прыносяць рэальны ўрон. Эканамічныя і бытавыя злачынствы, барацьба з наркаманіяй, карупцыйнымі праяўленнямі, забеспячэнне парадку на дарогах і захаванасць дзяржаўнай маёмасці. Усе накірункі асабовы састаў райаддзела міліцыі кантралюе пільна. Аб чым сведчыць і той факт, што летась Пружанскі РАУС быў прызнаны лепшым у вобласці па выніках аператыўнай дзейнасці. На сённяшні дзень па ўзроўні раскрывальнасці і прафесійнай рабоце райаддзел міліцыі знаходзіцца ў пяцёрцы лепшых у сваёй катэгорыі. Узорнай лічыцца дзейнасць Пружанскай дзяржаўтаінспекцыі, аддзялення крымінальнага вышуку, крымінальна-выканаўчай інспекцыі і інспекцыі па справах непаўналетніх.
Як зазначае А.В.Гук, на працягу многіх гадоў ўдаецца захоўваць стабільнасць у рабоце аддзела. Гэтаму спрыяе выдатна наладжаная пераемнасць традыцый і вопыту. Напрыклад, сёння калектыў РАУС можна лічыць вельмі маладым, бо служыць тут нямала супрацоўнікаў, якія толькі нядаўна сталі выпускнікамі спецыя-лізаваных навучальных устаноў. Але пры прыёме на службу ўдала прымяняецца прынцып «адзін у полі не воін», калі маладыя супрацоўнікі атрымліваюць у якасці настаўніка калегу са значным паслужным спісам. Ён павінен навучыць на практыцы навічкоў, перадаць ім вопыт, гістарычныя веды для маральнай трываласці, рыхтуючы такім чынам сабе замену. Сярод цяперашніх заслужаных работнікаў Аляксандр Васільевіч адзначае памочніка дзяжурнага А.Г.Бралко, начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў П.У.Сандрыгайлу, інспектара крымінальна-выпраўленчай інспекцыі Р.Т.Баневіча і яе начальніка Д.В.Фаменюка, начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх В.М.Клімашэвіча, міліцыянера-дзяжурнага ізалятара часовага ўтрымання А.В.Дубіну, старшага оперупаўнаважанага С.У.Блізнянскага і старшага ўчастковага інспектара М.М.Заянчкоўскага. Нямала паважлівых слоў начальнік пружанскай міліцыі выказвае і ў бок «тылавікоў», якія не змагаюцца з заганамі грамадства, але робяць усё неабходнае, каб вызваліць ад паўсядзённых клопатаў асабовы састаў райаддзела. Гэта загадчык групы тылавога забеспячэння і ветэран міліцыі В.П.Жук, а таксама галоўны бухгалтар РАУС Ж.Я.Букса, старшыя інспектары Н.В.Кандрацюк і Т.М.Зайцава.
Створаная атмасфера службовага ўзаемадзеяння дае магчымасць маладым супрацоўнікам літаральна з першых дзён службы раскрываць свае прафесійныя таленты, паказваць станоўчыя вынікі аператыўнай дзейнасці. Сярод такіх А.В. Гук называе выпускніка Магілёўскага інстытута МУС РБ, старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку А.М.Скробата, начальніка аддзялення па грама-дзянстве і міграцыі Д.М.Касюка, старшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю С.В.Мазуркевіча, інспектара ДПС Ю.А.Гвоздзіка.
— З нагоды юбілею аддзела ўнутраных спраў віншую ўсіх нашых супрацоўнікаў і ветэранаў, а таксама выказваю ўсім шчырую па-дзяку. Ад усяго сэрца жадаю здароўя, удачы, дабрабыту, цярпення і энергіі. Хай ваша служба заўсёды будзе ацэньвацца годна, кар’ера складваецца, а дома — любяць і чакаюць.
Старонку падрыхтавалі Алег СІДАРЭНКА і Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).