Вадзіцелі, асабліва пачынаючыя, пагодзяцца са сцвярджэннем, што адчуваюць пэўнае хваляванне, калі бачаць узмах жэзла работніка Дзяржаўтаінспекцыі. Крышачку ўсхваляваліся і некаторыя пружанкі, калі 7 сакавіка іх прыпынілі супрацоўнікі ДАІ…
Жанчыны не ведалі, што сталі ўдзельніцамі святочнай акцыі, падрыхтаванай раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і супрацоўнікамі ДАІ.
Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі Наталля Чарэшка, такая акцыя праводзіцца грамадскай арганізацыяй у Пружанах упершыню.
— Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня пажадаю вам моцнага здароўя, прыгажосці, шчасця, кахання. Каб дарога заўсёды была роўная, а на святлафорах гарэў выключна зялёны свет, — звярнулася з віншавальнымі словамі да аўтааматарак Наталля Анатольеўна.
Жанчыны, прымаючы цюльпан і святочную паштоўку, усміхаліся і дзякавалі за прыемны сюрпрыз.
Юлія Янушка. Фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства: https://ok.ru/budni/album/956871918984