Каманда пружанскіх хакеістаў-аматараў вырвала перамогу на абласных спаборніцтвах «Залатая шайба» і едзе на рэспубліку!
Абласныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» ў мінулую пятніцу і суботу прымаў Лядовы палац суседніх Івацэвіч. Каб вызначыць каманду, якая прадставіць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, сюды з’ехаліся аматарскія зборныя з Брэста, Пінска, Кобрынскага і Пружанскага раёнаў. Прыняла ўдзел у турніры і каманда Івацэвіцкага раёна.
На працягу двух дзён на лёдзе спаборнічала больш за 100 хакеістаў 2008–2009 гадоў нараджэння ў дывізіёне «А». Трэба сказаць, што нароўні з хлопцамі гулялі дзяўчаты. Яны змагаліся якраз у складзе івацэвіцкай каманды.
Калі ж казаць увогуле пра турнір, то ён аказаўся даволі напружаным, а барацьба была сапраўды бескампраміснай. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця, у мінулую пятніцу, пружанскія хакеісты згулялі з івацэвіцкай камандай. Па выніках матча — нічыя — 7:7.
Пэўна, надоўга запомніцца нашым гульня з Брэстам. Пружанцы ў прамым сэнсе слова не пакінулі сапернікам ніводнага шанцу і разграмілі брэстчан з лікам 20:0. Пасля гэтага матча стала зразумела: гэта моцная заяўка на перамогу. Менавіта таму гульня з пінскай зборнай выдалася няпростай. Пераможцу матча змаглі вызначыць толькі па булітах, і мацнейшымі тут аказаліся якраз нашы хакеісты. Яны ж сталі пераможцамі абласных спаборніцтваў! На другім месцы размясцілася пінская каманда, замкнула тройку зборная гаспадароў.
Трэніруе пружанскую каманду Дзмітрый Клімавец, а дзейнічае яна пры раённым фізкультурна-спартыўным клубе «Мухавец». Па словах трэнера, ужо на наступным тыдні стартуе рэспубліканскі этап «Залатой шайбы». Плануецца, што спаборніцтвы пройдуць у сталіцы ўжо на наступным тыдні. Будзем перажываць на іх за каманду пружанскіх хакеістаў і ад душы жадаем закінуць залатую шайбу і на рэспубліканскім этапе!
Уладзіслаў Шпарла