Няхай сабе мінулы хакейны ўік-энд быў жаночым, на лёд з суботы па панядзелак выходзілі і хлопцы. Наш Лядовы палац прымаў чарговыя матчы рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі з шайбай сярод юнакоў 2009 і 2011 г.н.
Першымі адстойвалі гонар ДЮСШ №2 хакеісты, якія трэніруюцца пад кіраўніцтвам Ільі Ільяшэвіча. Хлопцы сустракаліся з гродзенскім «Нёманам-2». Адказнасці дадавала тое, што гульня праходзіла на дамашняй арэне, таму настройваліся выключна на перамогу.
На перапынак пасля першага тайма сыходзілі з лікам 3:2 на карысць нашай зборнай. А падчас другога лікаванню мясцовых балельшчыкаў не было межаў: пружанцы адправілі ў вароты саперніка ажно шэсць шайбаў, тады як гродзенцы не змаглі адказаць ніводнай. У заключнай частцы матча госці здолелі сабрацца і закінулі ў вароты пружанскай каманды дзве шайбы. Тым не менш, перавага ў ліку ўжо была вельмі вялікай. Вынік — 11:4 і перамога зборнай Пружан.
Эмацыянальнай аказалася і ранішняя сустрэча хакеістаў, якая адбылася ў нядзелю. Хлопцы з нашай каманды не хацелі аддаваць лідарства. Палова забітых пружанцамі шайбаў, ажно сем, была ўжо ў першым перыядзе. За другі і трэці таймы нашы здолелі ўмацаваць пазіцыі і адправіць у вароты яшчэ столькі ж. Такім чынам, другі матч з «Нёманам-2» пружанцы таксама запісалі на свой рахунак, прычым з разгромным лікам 14:3.
А вось першую гульню каманды 2011 г. н. з «Пінскімі ястрабамі» можна ахарактарызаваць так: не хапіла зусім крыху. Падапечныя Паўла Літуса сапраўды вельмі стараліся перахапіць ініцыятыву, але па-сапраўднаму «разыграліся» толькі ў заключнай частцы паядынку. Мяркуйце самі: пасля другога тайма лік быў 4:10 на карысць пінчан, а выніковы —10:11. Да перамогі ці хаця б нічыёй было рукой падаць.
На жаль, адыграцца ранкам у панядзелак не ўдалося, хоць пасля першага перыяду здавалася, што гэта ўсё ж магчыма. Табло тады фіксавала лік 3:1 на карысць пінчан. Завяршылі ж сустрэчу з лічбамі 4:9.
Якімі б ні былі вынікі, жадаем поспехаў хакеістам і чакаем наступных матчаў.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Фотаальбом з хакейнага матча «Пружаны» — «Пінск»: https://vk.com/album-23306785_287261842