Пятница, 17 января 2025

Пружанскія выратавальнікі ўрачыста адзначылі прафесійнае свята і 25-годдзе службы МНС Беларусі (+многа фота)

404

У мінулую пятніцу разам з прафесійным святам — Днём выратавальніка — пружанскія выратавальнікі адзначалі і 25-годдзе службы МНС Беларусі.

Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з чына асвячэння асабовага саставу райаддзела па надзвычайных сітуацыях, не задзейнічанага на баявых дзяжурствах, а таксама спецыяльнай тэхнікі і месцаў службы.

Айцец Аляксандр Мамановіч, святар храма свяціцеля Мікалая Цудатворца, пажадаў пажарным толькі спакойных змен і павіншаваў з Божым святам — Вадохрышчам.

Другое ўрачыстае мерапрыемства ў той жа дзень прайшло ў гарадскім Палацы культуры, дзе адбылося ўзнагароджанне лепшых работнікаў раённага аддзела па НС.

З вынікамі, якімі пружанскія выратавальнікі закончылі мінулы год, прысутных азнаёміў начальнік РАНС Павел Талстой. Ён спыніўся на статыстычных дадзеных і правёў сувязь паміж зніжэннем колькасці пажараў і актыўнай прафілактычнай работай, што праводзілі і праводзяць работнікі райаддзела. А яшчэ Павел Міхайлавіч адзначыў прафесіяналізм калектыву РАНС, што пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды на працягу мінулага года.

— Большая частка асабовага саставу за год атрымала розныя заахвочванні, а наш калега вадзіцель Андрэй Саўчук за добрасумленную службу быў занесены на раённую Дошку гонару.

І ў дзень святкавання начальнік РАНС яшчэ папоўніў скарбонку ўзнагарод у выглядзе прысуджэння спецыяльных і пазачарговых званняў, грамат абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, а таксама нагрудных знакаў і юбілейных медалёў за выдатную службу. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук уручыў асобным віноўнікам урачыстасці з кагорты лепшых заахвочванні ад мясцовай вертыкалі ўлады — граматы і падзячныя лісты райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Ад сябе асабіста Сяргей Міхайлавіч павіншаваў прадстаўнікоў «гераічнай прафесіі, для якіх любы подзвіг — гэта радавая работа», пажадаў адчувальнага запасу здароўя і сіл на новыя здзяйсненні.

Цёплыя віншавальныя словы на ўрачыстасці прагучалі і ад намесніка пракурора раёна Ірыны Жыгалка, і ад начальніка райаддзела міліцыі Ігара Амельянчука. А святар Аляксандр Мамановіч уручыў калектыву райаддзела па надзвычайных сітуацыях цудатворную ікону Божай Маці «Неапалімая купіна», якая стане абярэгам агняборцаў ад бед падчас баявой работы і паспрыяе таму, каб яны заўсёды вярталіся дадому, да сваіх родных здаровымі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_301107343 і https://ok.ru/budni/album/973987358856