Четверг, 5 декабря 2024

Пружанскія веласіпедысты добра выступілі на дамашнім першынстве, а ў гэтыя дні змагаюцца на рэспубліканскіх спаборніцтвах

235

У Пружанскім раёне памятаюць людзей, якія рабілі ўсё дзеля росквіту і развіцця гэтага куточка, дзеля таго, каб яго пазнавалі ў вобласці, рэспубліцы і нават свеце. Многа такіх людзей у сферы спартыўнай, і адзін з іх — Мікалай Цімафеевіч Кузняцоў. Менавіта яго памяці было прысвечана першынство па веласпорце, якое праходзіла на дарогах раёна 20 і 21 ліпеня.

Варта ў чарговы раз нагадаць, што Мікалай Кузняцоў — першы, хто заклаў асновы для развіцця веласіпеднага спорту на Пружаншчыне. І яго традыцыі жывуць, іх працягвае сёння разам са сваімі вучнямі на базе аддзялення ад брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў, што працуе ў пружанскай СДЮШАР, трэнер Юрый Валкавыцкі.

Першы дзень спаборніцтваў пачаўся з урачыстага адкрыцця ў Клепачах. Адсюль і стартавала індывідуальная гонка. Удзельнікамі заездаў на гэты раз былі каманды з Бярозаўскага, Баранавіцкага, Брэсцкага, а таксама Пружанскага раёнаў.

Як жа склаліся індывідуальныя старты для нашых? Даволі ўдала. Сярод юнакоў 2009-2010 гадоў нараджэння другім стаў Данііл Місюля, трэцім — Кірыл Джумаеў. Таксама сярэбраная ўзнагарода па выніках «індывідуалкі» ў Данііла Шчэрбы. Парадавалі і дзяўчаты. Абсалютнай пераможцай у сваёй узроставай групе стала Ганна Якута (2009-2010 г.н.), а яе сястра Аліна Якута размясцілася на другім месцы (2007-2008 г.н.).

Наступны дзень быў прысвечаны гонкам групавым. Яны для пружанцаў сталі яшчэ больш паспяховымі. Вынікі ж наступныя: тры залатыя, адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі.

Такім чынам, на найвышэйшую прыступку п’едэстала ўзняліся юнакі Дзяніс Бараноўскі (2007-2008 г.н.), Данііл Місюля, а таксама Ганна Якута (2009-2010 г.н.). На другім месцы — Данііл Шчэрба (2011-2012 г.н.). Трэці ў гэтай жа ўзроставай групе — Леанід Гераль. Узнагарода бронзавай вартасці па выніках групавых стартаў таксама ў Аліны Якута.

Турнір, які праводзіцца ў родным раёне, — гэта заўсёды павышаная адказнасць. Але ж нашы на дамашніх стартах выступілі цудоўна, папоўнілі медальную скарбонку, а ўжо ў гэтыя дні прымаюць удзел у першынстве Рэспублікі Беларусь па шматдзённай гонцы. Таму чакаем прыемных навін!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_294721783 і https://ok.ru/budni/album/964769843592