Не проста візітоўка Мінска, а вялікі комплекс, задача якога — паказаць беларускае і ўлюбіць у яго. У мінулую пятніцу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў абноўлены гандлёвы цэнтр «Сталіца».
Знакаміты падземны комплекс, які прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей Мінска, нядаўна правёў рэбрэндынг. Цяпер гэта нацыянальны шоурум — гандлёвы цэнтр, дзе прадстаўлена толькі тое, што зроблена ў Беларусі, ад смачных прадуктаў да стыльнага адзення і вопраткі. Зразумела, што знайшлося тут месца і вытворцам з нашага рэгіёна. Прадукцыю з Брэста, Бярозы, Кобрына, Пружан і не толькі цяпер можна набыць у павільёне «Любімы Брэст» канцэрна «Брэстмясамалпрам» у ГЦ «Сталіца».
Якасць прадукцыі пад брэндамі «VAN GOLD» і «Шчодрыя Пружаны» ацаніў Кіраўнік дзяржавы. Цвёрдыя і плаўленыя сыры, сметанковае і шакаладнае масла (апошняе вырабляюць лічаныя вытворцы краіны) заслужылі станоўчыя водгукі. Іх, а таксама навінкі, якімі абавязкова будзе радаваць «Пружанскі малочны камбінат», змогуць купіць жыхары і госці нашай сталіцы ў аднайменным гандлёвым цэнтры.
Уладзіслаў Шпарла. Фота БЕЛТА