Среда, 12 ноября 2025

Пружанскія школьнікі вызначыліся на абласным этапе спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер»

1 119

Зборная каманда біятланістаў Пружанскага раёна паспяхова выступіла на абласным этапе спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Біятлонныя разборкі разгарнуліся 26-28 студзеня ў аг.Мір Баранавіцкага раёна. Юныя спартсмены з усяго рэгіёна даказвалі, што менавіта яны – самыя трапныя і хуткія.

Удзельнікаў чакалі камандныя і асабістыя гонкі. Падчас апошніх трэба было прайсці дыстанцыю на лыжах і добра адстраляцца на двух агнявых рубяжах. З гэтай задачай выдатна справілася вучаніца СШ №5 г.Пружаны Дар’я Чайкоўская, якая выступала ў сярэдняй узроставай групе. У дзяўчыны не было цяжкасцей пры перамяшчэнні па дыстанцыі, стральбу яна правяла ўсяго з адным промахам. Такім чынам, Дар’я стала абсалютнай чэмпіёнкай і з 7 па 13 лютага прадставіць вобласць на заключным этапе «Снежнага снайпера» ў Раўбічах.

Нядрэнныя вынікі паказалі прадстаўнікі малодшай узроставай групы Крысціна Шэпэль (СШ №3) і Павел Манчык (Слабудская СШ), якія заваявалі пятыя месцы, а таксама — Іван Бахар з Кляпацкай СШ. Гэтыя вучні ўвайшлі ў склад каманды вобласці ў якасці запасных.

У апошні дзень спаборніцтваў праводзіліся камандныя гонкі ва ўсіх узроставых групах. І тут пружанскія спартсмены праявілі найлепшыя байцоўскія якасці і не засталіся без узнагарод. У малодшай узроставай групе (школьнікі 2012-2011 г.н.) каманда ў складзе Крысціны Шэпэль, Паўла Баневіча (СШ №3), Ганны Стасевіч (гімназія) і Паўла Манчыка (Слабадская СШ) заняла другое месца.

Вучні 2010-2009 г.н., якія спаборнічалі ў сярэдняй узроставай групе, у каманднай эстафеце ўзняліся на трэцюю прыступку п’едэстала. Гэта: Аляксандр Селівонец з СШ №1 імя ЧБВА, Дар’я Чайкоўская і Аляксандра Велікаселец з СШ №5, а таксама Пётр Арцямук з СШ №4. Менш паспяхова выступілі вучні старэйшай узроставай групы.

Такія турніры як «Снежны снайпер» – гэта добры вопыт для школьнікаў. Яны рыхтуюць хлопцаў і дзяўчат да пакарэння новых вяршынь і настройваюць на тое, што самыя паспяховыя старты яшчэ наперадзе. Таму будзем чакаць добрых навін ад пружанскіх біятланістаў і пасля рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Аляксандр Бажко, фота аўтара