Ён дапамагае, накіроўвае, матывуе, перажывае разам з табой узлёты і цяжкасці і літаральна за руку вядзе да поспеху. Усё гэта датычыцца як лепшага сябра, настаўніка, так і трэнера. Нездарма кажуць, што кожны чалавек у нашым жыцці — трэнер, які дае тыя ці іншыя ўрокі, што мы абавязкова павінны засвоіць. Ну а тыя, хто яшчэ і працуе трэнерам і для каго спорт — стыль жыцця, на гэтым тыдні прымалі віншаванні. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень плыўцам пружанскай СДЮШАР № 2 трэба было здаваць своеасаблівы экзамен, каб парадаваць сваіх трэнераў.
Водны палац у Дзень трэнера, 30 кастрычніка, стаў месцам правядзення сёмага этапу абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей». Каб абараніць гонар сваіх спартыўных школ, парадаваць трэнераў і, нарэшце, пазмагацца за медалі, у наш горад з’ехаліся плыўцы з розных куткоў першага рэгіёна. На дарожкі выйшлі спартсмены з Брэста, Баранавіч, Пінска, Бярозы, Івацэвіч, Жабінкі, Лунінца, Століна і, вядома, Пружан.

У праграме турніру было тры дыстанцыі: 50-метроўка брасам і батэрфляем і 100 метраў вольным стылем. Лепшых вызначалі ў чатырох узроставых групах — сярод спартсменаў 2009 года нараджэння і мала-дзейшых. Усяго ў гэты дзень было 29 заплываў, актыўна падтрымлівалі сваіх і на трыбунах.
І трэба сказаць, што пружанцы не падвялі. Адразу тры бронзавыя ўзнагароды — такі вынік чарговага этапу «Стартаў надзей» для падапечных трэнера Сяргея Каляды.
Ужо добра вядомы чытачу па публікацыях у нашай газеце Цімур Дакімовіч — трэці на дыстанцыі ў 50 м брасам. Яшчэ дзве спартсменкі ўпершыню заваявалі медалі «Стартаў надзей». Бронзавым прызёрам на такой жа дыстанцыі, што і Цімур, стала Меланія Гарус. А вось Ганна Мацвяйчук узнялася на трэцюю прыступку п’едэстала па выніках заплыву на 50 метраў батэрфляем.

Як адзначыў Сяргей Каляда, лепшы падарунак для яго і калег на Дзень трэнера — поспехі юных выхаванцаў. Такім чынам, пружанскія спартсмены змаглі і парадаваць трэнера, і годна прадставіць сваю спартыўную ўстанову. Такіх жа паспяховых турніраў жадаем нашым і надалей!
Уладзіслаў Шпарла
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_304733163 і https://ok.ru/budni/album/984679398024