Першы этап «Дзіцячай лігі плавання», які прайшоў у сталіцы, стаў паспяховым для пружанскіх плыўцоў. Юныя спартсмены прывезлі дадому цэлы россып узнагарод.
Самым выніковым стаў турнір для Цімура Дакімовіча. Хлопец ажно шэсць разоў падымаўся на п’едэстал гонару. Залатая ўзнагарода ў яго на стаметроўцы батэрфляем. Яшчэ тры сярэбраныя медалі — на 50 і 100 м брасам, а таксама на 100 м вольным стылем. Пакарыўся Цімуру і кубак у мнагаборстве.

Трэба сказаць, што пацвердзілі сваю загартоўку і дзяўчаты. Лепшай па выніках заплыву на 50 м вольным стылем стала Меланія Гарус. Серабро таксама на пяцідзесяціметроўцы, але ў стылі батэрфляй, заваявала Вікторыя Шут. І, нарэшце, Арыядна Варыцкая — бронзавы прызёр турніру на 100 м батэрфляем.
Аднак не толькі індывідуальнымі ўзнагародамі папоўнілася медальная скарбонка пружанскіх спартсменаў. У змешанай эстафеце 4х50 вольным стылем каманда Пружанскай СДЮШАР № 2 заваявала другое месца. Гонар спартыўнай установы ў гэтым заплыве абаранялі Ангеліна Фісюк, Арыядна Варыцкая, Назар Камінскі і Цімур Дакімовіч.
Трэнеры плыўцоў — Сяргей Каляда і Крысціна Ліцкевіч.
Уладзіслаў Шпарла