Понедельник, 2 декабря 2024

Пружанскія плыўцы прывезлі ўзнагароды з міжнароднага турніру

212

Зусім нядаўна мы расказвалі пра дамашнія турніры раённага і абласнога ўзроўняў для пружанскіх плыўцоў. На іх, нагадаем, хлопцы і дзяўчаты годна пазмагаліся. Між тым сезон у плыўцоў працягваецца, чаму б не паспрабаваць сябе на міжнародным узроўні?

Вось і нашы не проста паспрабавалі, а перамаглі і вярнуліся з шэрагам узнагарод з міжнароднага турніру па плаванні «Сяброўскія сустрэчы ў горадзе над Бугам». Спаборніцтвы ў перадвелікодныя дні, з 1 па 4 мая, прымаў Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па водных відах спорту. Сюды з‘ехаліся спартсмены розных узроставых груп з Беларусі і Расіі.

Іван Клімук і Вікторыя Шут.

Пружанскія плыўцы падымаліся на п’едэстал гонару сем разоў! Найбольш выніковымі сталі міжнародныя спаборніцтвы для Івана Клімука. Цікава, што ўсе тры свае медалі падапечны Сяргея Каляды заваяваў на дыстанцыях брасам. Абсалютным пераможцам Іван стаў на двухсотметроўцы, па выніках гэтага заплыву атрымаў «золата». Яшчэ два медалі ў скарбонцы плыўца — сярэбраныя. Іх спартсмен заваяваў па выніках заплываў на 100 і 50 м.

У такой жа ўзроставай групе, як і Іван, сярод спартсменаў 2013 г.н. і маладзейшых, змагаўся і Андрэй Масік. У свой актыў хлопец запісаў сярэбраную ўзнагароду за 200 м на спіне. Трэніруе Андрэя Юлія Козел.

І пра поспехі яшчэ адной плыўчыхі, якая займаецца ў СДЮШАР № 2 пад кіраўніцтвам Сяргея Каляды. Гаворка пра Вікторыю Шут (катэгорыя — дзяўчаты 2010-2011 г.н.). У яе, як і ў Івана Клімука, па выніках турніру тры медалі. Зноў жа, заваяваны яны на заплывах адным стылем — батэрфляем. Так, другой Вікторыя прыплыла на 50 і 100 метрах, заваяваўшы сярэбраныя медалі, а бронзавым прызёрам стала на двухсотметроўцы.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Сяргея Каляды