Воскресенье, 8 декабря 2024

Пружанскія падлеткі разгадалі таямніцы горада і паўдзельнічалі ў першым гарадскім квэсце ад ўзорнага клуба «Teens-фармат»

1 372

Пра тое, што «пружанскай моладзі няма куды схадзіць і чым сябе заняць», на жаль, даводзілася чуць ад многіх падлеткаў. Але толькі не ад удзельнікаў клуба «Тeens-фармат», які працуе пры Палацы культуры! Хлопцы і дзяўчаты, якія з‘яўляюцца членамі клуба, удзельнічаюць у многіх цікавых мерапрыемствах, якія часта арганізоўваюць самі.

Нядаўна новы кіраўнік аб’яднання Анастасія Ціхановіч вырашыла даказаць моладзі, што ў Пружанах куды больш цікавых месцаў, чым здаецца. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі квэста «Таямніцы майго горада».

Ідэя мерапрыемства, як расказала Анастасія, прыйшла ёй раптоўна. І, як гэта часта бывае, увечары, перад сном. І ўжо на наступны дзень яе абмяркоўвалі культработнікі.

— Спярша мы пачалі думаць над маршрутам квэста. Вялікую дапамогу аказала галоўны спецыяліст аддзела Наталля Пракаповіч, якая падказала, што звязаць квэст можна з гістарычнай тэматыкай. Тады мы і вырашылі, што вывучаць падлеткі будуць цэнтр горада, які тоіць у сабе нямала таямніц, — расказала Анастасія. — Дапамагла нам і рэжысёр ГПК Наталля Іванцова.

Калі падрыхтоўка была завершана, дата абвешчана і ўдзельнікі рыхтаваліся да барацьбы, у планы ўмяшалася надвор’е. Арганізатары вымушаны былі перанесці квэст, але менш удзельнікаў з-за гэтага не стала.

У своеасаблівым марафоне інтэлекту і хуткасці змагалася тры каманды – падлеткі, якія наведваюць «Тeens-фармат», вучні СШ №4 і навучэнцы каледжа. Зыходная кропка квэста ў кожнай каманды была свая. Так першая стартавала ад гандлёвага цэнтра на вул.Савецкай, маршрут другой пачынаўся ад рэсурснага цэнтра, трэцяя каманда адправілася ў шлях ад помніка «Спаленым вёскам».

На кожнай кропцы моладзь чакалі падказкі, куды рухацца далей. Але гэтыя «ключы» трэба было адшукаць. Падказкі для кожнай каманды пазначылі сваім колерам – зялёным, чырвоным і сінім. Напрыклад, каля бібліятэкі імя М.Засіма зрабілі сапраўдны тайнік, дзе схавалі энцыклапедыю і слоўнік. З літар на старонках кніг і трэба было скласці наступнае месца маршруту. Каля помніка «Спаленым вёскам» падлеткаў чакаў красворд, з ключавым словам «палацык» – наступная кропка. Але ж больш за ўсё хлопцам і дзяўчатам запомніўся прыпынак на зліцці рэк Муха і Вец: падказку з назвай наступнага месца ім трэба было выцягваць з бутэлькі, якая плавала ў вадзе.

Увогуле, маршрут удзельнікаў пралёг праз такія знакавыя аб’екты вул. Савецкай, як Белыя лаўкі, кампазіцыя з гербам горада, будынак былога вучылішча і першай аптэкі. Падказка знаходзілася і каля «лавачкі прымірэння». А фінальнай кропкай стаў флігель у гарадскім парку, дзе ўсе каманды атрымалі падарункі за ўдзел у гістарычным падарожжы. Але самы галоўны вынік квэста – новыя веды пра свой горад і цудоўна праведзены час.

— Я быў у камандзе клуба «Тeens-фармат» і ні кропелькі не пашкадаваў, што прыняў удзел у квэсце, — дзеліцца ўражаннямі яго ўдзельнік Арцём Пятрань, чацвёртакурснік БарДУ. — Атрымаў масу новых знаёмстваў, зрабіў шмат адкрыццяў для сябе. Усе заданні спачатку здаваліся складанымі, але, калі прыкласці крэатыўнае мысленне і інтуіцыю, яны разгадваліся. А яшчэ ўсе мы зрабілі добрую прабежку. Асабіста я, здаецца, у апошні раз столькі бегаў на ўроку фізкультуры ў школе. Лічу, што гэта менавіта той фармат, які патрэбен моладзі і які проста неабходна рэалізоўваць у Пружанах.

У сваю чаргу, клуб «Тeens-фармат» абяцае, што так яно і будзе. У планах – новыя квэсты, але па іншых маршрутах, а яшчэ іншыя крэатыўныя фарматы. Нездарма і клуб мае такую назву: каб здзіўляць і прыцягваць падлеткаў. Таму тут чакаюць усіх цікаўных і творчых маладых людзей.

Уладзіслаў Шпарла