Понедельник, 13 января 2025

Пружанскія медыкі вярнуліся з кубкам пераможцаў з абласнога турзлёта работнікаў арганізацый аховы здароўя

902

Трыумфальным для пружанскіх медыкаў стаў абласны турзлёт работнікаў арганізацый аховы здароўя.

Ён праходзіў у мінулыя выхадныя на базе адпачынку каля в.Гусак Маларыцкага раёна. Спартыўна-творчыя спаборніцтвы, якія праводзіла абласная арганізацыя работнікаў аховы здароўя, прымеркавалі да 115-годдзя Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Азарту і добрых эмоцый дадаў той факт, што турнір браў паўзу і з-за пандэміі не праводзіўся ажно з 2019 года.

Сапернікамі каманды Пружанскай ЦРБ былі калегі з 17 устаноў аховы здароўя вобласці. Медработнікам трэба было праявіць сябе ў візітоўцы, тэхніцы пешаходнага і велатурызму. Вызначалі лепшых у байдарачных заплывах, веласпорце, на дыстанцыі крос-кантры, у перацягванні каната і спартыўным арыентаванні.

Самым паспяховым для нашай каманды стала выпрабаванне па пешаходным турызме, дзе медыкі ўзялі дыплом першай ступені. Не здаваліся яны і ва ўсіх іншых конкурсах. Як вынік — першае агульнакаманднае месца, а таксама дыплом і кубак абсалютных пераможцаў. Трэба падкрэсліць, што такога трыумфу пружанцы дасягнулі ўпершыню: у мінулыя гады, як правіла, не ўдавалася ўвайсці нават у дзясятку лепшых.

Па словах старшыні прафсаюзнай пярвічкі бальніцы Ірыны Шэйко, поспеху немагчыма было б дасягнуць, калі б не максімум, які паказаў кожны член каманды. Сіл і ўпэўненасці дадала падтрымка кіраўніцтва ЦРБ.

Наперадзе ў спартсменаў — час актыўнай падрыхтоўкі да адпаведнага рэспубліканскага турніру, які мяркуецца правесці ў жніўні.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена прафсаюзным камітэтам Пружанскай ЦРБ